Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Менскае прадстаўніцтва ААН наладзіла сёньня прэзэнтацыю Глябальнае справаздачы пра чалавечае разьвіцьцё за 2000 год.

Паводле рэйтынгу, які прадстаўлены ў Глябальнай справаздачы Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў за 2000 год, Беларусь паводле індэксу чалавечага разьвіцця займае 57 месца ў сьпісе 174 краінаў. З краінаў былога СССР, паводле гэтага паказьніку, Беларусь апярэджваюць толькі Эстонія (46 месца) і Летува (52 месца). Адстаюць ад Беларусі ня толькі Азэрбайджан ці Арменія, але й Расея, Грузія і, нават, Латвія.

Тэндэнцыя дзіўная, і таму прадстаўнік ААН Ніл Бунэ мусіў патлумачыць на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, у чым справа.

Гаворыць Ніл Бунэ:

"Найперш я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што індэкс чалавечага разьвіцця зьяўляецца вельмі шырокім паказьнікам. Ён уключае вельмі шмат кампанэнтаў. Самым важным зьяўляецца тое, што Беларусь увогуле належыць да катэгорыі краінаў зь сярэднім узроўнем чалавечага разьвіцьця. Павелічэньне індэксу адбылося за кошт таго, што індэкс валавага нацыянальнага прадукту ўзрос на 0,3 пункты ў пэрыяд з 98-га па 99-ты год. На статыстыку за гэты пэрыяд і абапіраліся складальнікі Справаздачы", – патлумачыў Ніл Бунэ.

Інакш кажучы, паводле словаў прадстаўніка ААН, рэйтынг краінаў у Глябальнай справаздачы ня мае наўпроставай сувязі з эканамічным разьвіццём асобнае дзяржавы ці ўзроўнем жыцьця ў ёй. У прыватнасьці, высокае месца Беларусі забясьпечыла нізкая дзіцячая сьмяротнасьць, доступ насельніцтва да сыстэмы адукацыі і шэраг іншых паказьнікаў. У той жа час Беларусь знаходзіцца на апошніх месцах у доступе да інтэрнэту ці наяўнасьці ў ейных жыхароў мабільных сродкаў сувязі. Паводле апошняга паказьніку – наяўнасьці мабільных тэлефонаў – яна адстае ад Летувы ў 72 разы.

Тэмаю Глябальнае справаздачы ААН за 2000 год сталіся ўзаемасувязі паміж правамі чалавека і чалавечым разьвіцьцём. Як зазначыў Ніл Бунэ, у іхнай аснове палягае захаваньне сямі найважнейшых свабодаў людзей. У прыватнасьці, захаваньне свабоды ад галечы, страху, катаваньняў, неабгрунтаваных арыштаў і іншага гвалту.

Камэнтуючы нашаму радыё, як цяперашняя беларуская сытуацыя з правамі чалавека знайшла адлюстраваньне ў Глябальнай справаздачы ААН, ейны прадстаўнік зазначыў:

"Не існуе наўпроставай статыстычнай залежнасьці й сувязі паміж тымі сямю свабодамі (што я пералічыў) і індэксам. У Справаздачы сказана толькі, што пры незахаваньні гэтых свабодаў ня будзе створана ўмоваў для ўстойлівага росту індэксу чалавечага разьвіцьця ў наступныя гады. Паводле сваёй задумы Справаздача не ставіла за мэту паказаць нейкую краіну, якая не выконвае тых ці іншых абавязкаў. У справаздачы толькі сказана пра тое, якім шляхам могуць пайсьці гэтыя краіны, і што яны могуць зрабіць, каб гэты шлях быў правільны", – паведаміў нашаму радыё прадстаўнік ААН у Беларусі Ніл Бунэ.

XS
SM
MD
LG