Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Віцебску былі затрыманыя актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Уладзімер Плешчанка ды Барыс Хамайда.

Затрыманьне актывістаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ адбылося апоўдні ў самым цэнтры Віцебску ля гэтак званага "Сіняга дому". Як ужо паведамлялася слухачам "Радыё Свабода" на гэтым месцы цягам двух апошніх тыдняў намесьнік старшыні віцебскае філіі БНФ Барыс Хамайда зьбіраў подпісы віцеблянаў супроць саюзнае дамовы з Расеяй. А некалькі дзён таму да яго далучыўся й старшыня філіі Ўладзімер Плешчанка, распачаўшы зьбіраньне подпісаў дзеля вылучэньня дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд.

Паколькі да гэтага віцебскія міліцыянты адно абыякава праходзілі міма, затрыманьне 29 чэрвеня сталася цалкам нечаканым ды невытлумачальным, асабліва для тых, хто назіраў гэтая красамоўнае відовішча збоку…

Спадар Плешчанка распавёў карэспандэнту "Радыё Свабода", што да іх з Барысам хамайдам падыйшлі два АМАП'аўцы ў бранякамізэльках (як потым высьветлілася – дасланыя зь Менску), а таксама адзін тутэйшы сяржант Бялоў. Ад Плешчанкі ды Хамайды запатрабавалі хутчэйшага зьнікненьня з гэтага мейсца – бо "вядзецца перадфэстывальная зачыстка гораду ад сумніўных элемэнтаў". Запатрабаваньне "зьнікнуць" скончылася самай па-за цэнзурнай лаянкаю з вуснаў ахоўнікаў правапарадку.

Хамайда зь Плешчанкам падпарадкавацца адмовіліся. Тады ім было загадана накіравацца ў Чыгуначны аддзел унутраных справаў, і пехам – бо паліва ў міліцэйскіх машынаў ёсьць дэфіцытам. Уладзімер Плешчанка спачатку ісьці адмовіўся. І міліцыянты паспрабавалі валачы яго сілаю. Урэшце два сівыя чалавекі ў атачэньні маладых міліцыянтаў у бранякамізэльках рушылі праз увесь горад – рукі закладзеныя за сьпіну, на грудзёх плякаты… "Як на расстрэл", – сказаў нехта з натоўпу.

А натоўп сабраўся вялікі, бо абураліся дзеяньнямі міліцыі нават тыя, хто дагэтуль да збору подпісаў не выяўляў аніякае цікаўнасьці.

У пастарунку ў спадароў Плешчанкі ды Хамайды адабралі плякаты, каля 50-ці асобнікаў газэтаў "Рух" ды "Выбар", якія Барыс Хамайда не пасьпеў раздаць гараджанам. Хацелі забраць таксама і падпісныя аркушы з заяўнымі подпісамі, але затрыманыя пачалі вінаваціць міліцыю ў памкненьнях да палітычнага перасьледу тых, хто падпісаўся – і падпісныя аркушы ім мусілі вярнуць.

Паводле абвінавачваньня ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету Барыса Хамайду ды Ўладзімера Плешчанку абвінавацілі ў парушэньні артыкула 167 часткі 2. Пасьля падпісаньня пратаколу, каля 14-ці гадзінаў 29 чэрвеня затрыманых адпусьцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG