Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У хуткім часе мае адбыцца чарговы раўнд перамоваў беларускіх і расейскіх транспартнікаў у справе ўрэгуляваньня разнагалосьсяў. Шматлікія супярэчнасьці перашкаджаюць плянам кіраўнікоў гэтак званага Саюзу ў інтэграцыі транспартнае галіны.

Ужо другі год, як Масква й Менск не знаходзяць паразуменьня ў сфэры міжнародных аўтаперавозак. Камэнтуючы гэтыя супярэчнасьці нашаму радыё, першы намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў Беларусі Васіль Чалоўскі зазначыў:

"У рамках фармавання аб'яднанае транспартнае сыстэмы, безумоўна, патрэбнае ўзгадненьне падатковых і непадатковых плацяжоў, а таксама ўраўнаньне ўмоваў гаспадараньня беларускіх і расейскіх транспартнікаў. Мы правялі дасьледаваньне эканамічных умоваў і ўбачылі, што на сёньняшні дзень яны вельмі розьняцца. Напрыклад, у беларускіх аўтаперавозчыкаў ёсьць страхаваньне, а ў расейскіх няма. У іншых плацяжох – наадварот. Таму сёньня і тым, і другім кепска", – зазначыў Васіль Чалоўскі.

Напружанасьць ва ўзаемадачыненьнях транспартнікаў дзьвюх дзяржаваў падтрымліваецца перш за ўсё расейскім бокам. Рэч у тым, што Масква незадаволеная імкненьнем Менску захапіць яе рынак міжнародных аўтаперавозак. Як прагучала на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікоў транспартнага ведамства, беларускія аўтаперавозчыкі зарабляюць на расейскім рынку 300 мільёнаў даляраў за год.

Паводле словаў Чалоўскага, калі беларусаў пазбавіць гэтага рынку, дык пяць тысячаў аўтаперавозчыкаў застануцца бяз працы. Адначасова моцны ўдар адчуе бюджэт краіны. Вось чаму атачэньне Лукашэнкі ўсяляк спрабуе зьмякчыць ва ўзаемадачыненьнях з Масквою сваю пазыцыю.

Беларусь пагадзілася, каб сёлета на ўезд у Расею была ўведзеная дазваляльная сыстэма. Пасыўна рэагуе яна й на рэкет з боку расейскай мытні. Мытня склала "чорныя сьпісы" беларускіх аўтаперавозчыкаў, якія нібыта нанесьлі вялізны эканамічны ўрон расейскаму бюджэту. Гэты ўрон ацэньваецца Масквою на 100 мільёнаў даляраў. З мэтаю яго кампэнсацыі, апошнім часам пачасьціліся выпадкі канфіскацыі на расейскай тэрыторыі беларускіх грузаў і транспартных сродкаў.

Начальнік управы беларускага Міністэрства транспарту Сяргей Кучынскі, адказваючы на пытаньне нашага радыё пра правамернасьць такіх дзеяньняў расейскага боку, сказаў:

"Яны затрымліваюць і гэтым самым забавязваюць беларускага аўтаперавозчыка даказваць, шукаць. Але шукаць няма чаго. Дакумэнтаў няма, бо мінула тры ці болей гады. Ды й, калі шчыра, у шэрагу выпадкаў мы бачым яўную змову", – лічыць Сяргей Кучынскі.

XS
SM
MD
LG