Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 2000 г.


Заўтра ў Менску адбудзецца перазахаваньне даваеннага начальніка ўправы НКВД-НКГБ Менскае вобласьці капітана Арцемія Васілеўскага.

Беспрэцэдэнтная акцыя беларускіх спэцслужбаў распачнецца а 1-й гадзіне дня мітынгам у памяшканьні клюбу імя Дзяржынскага, а потым працэсія рушыць у бок Маскоўскіх могілак, дзе адбудзецца пахаваньне парэшткаў супрацоўніка карных ворганаў. Разам з Васілеўскім будзе пахаваны ягоны ад'ютант малодшы сяржант ГБ Ўладзімер Лявошка.

Парэшткі, якія маглі б належаць супрацоўнікам НКВД, былі знойдзеныя ў вёсцы Коскі Талачынскага раёну. Больш за год вялася ідэнтыфікацыя, і цяпер у КГБ ўпэўненыя, што знойдзены менавіта Васілеўскі ды ягоны ад'ютант. Абодва былі зьнішчаныя ў лістападзе 1941 году, калі, адбіўшыся ад сваіх, зьбіраліся перазімаваць у нямецкім тыле.

Амаль 60 гадоў парэшткі супрацоўнікаў КГБ праляжалі ў зямлі. Але сёньняшнія пасьлядоўнікі Васілеўскага палічылі, што начальнік ўправы НКГБ Менскае вобласьці, які ў 30-я гады меў непасрэднае дачыненьне да масавых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, варты пахаваньня на самых прэстыжных у Беларусі Маскоўскіх могілках. Косткі растраляных чэкістамі – калегамі Васілеўскага – у Курапатах свайго ўшанаваньня пакуль яшчэ чакаюць.

Заўтра мы паведамім, як праходзіла перазахаваньне даваеннага начальніка НКВД Менскае вобласьці Арцемія Васілеўскага.

XS
SM
MD
LG