Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 чэрвеня 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Нягледзячы на намаганьні супрацоўнікаў магілеўскае "вэртыкалі" забясьпечыць рост накладу дзяржаўных газэтаў, вынікі падпіскі на другое паўгодзьдзе 2000 году, за выключэньнем "Советской Белоруссии", сталі для іх несуцяшальнымі.

Напрыканцы падпісное кампаніі на 2-е паўгодзьдзе 2000 году шэраг кіраўнікоў магілеўскае "вэртыкалі" накіравалі ў арганізацыі ды прадпрыемствы вобласьці лісты з патрабаваньнем забясьпечыць належную падпіску на дзяржаўныя газэты.

У лісьце ўзгадваецца "Советская Белоруссіія", "Зьвязда", "Рэспубліка" ды іншыя выданьні. Не забыла чынавенства й мясцовыя газэты – якраз тыя, заснавальнікам якіх зьяўляюцца абласны й гарадзкі выканкамы: "Могилевские ведомости", "Вестник Могилева", "Могилевскую правду".

Але асаблівую ўвагу кіраўнікі "вэртыкалі" зьвярнулі на інфармацыйны бюлетэнь адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Так, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Магілева Ўладзімер Цумараў патрабаваў ад прадпрыемстваў пералічыць грошы ў рэдакцыю бюлетэня ў Менск на адрэсу: Карла Маркса, 38.

Чынавенства паклапацілася й пра грамадзкіх распаўсюднікаў дзеля правядзеньня кампаніі – тая ж адміністрацыя Цэнтральнага раёну Магілева на пасяджэньні ўласнага выканкаму прыняла рашэньне, у якім патрабавала ад кіраўнікоў арганізацыяў і прадпрыемстваў прызначыць распаўсюднікаў загадам.

Мясцовая "вэртыкаль" забавязвала паінфармаваць мясцовыя выканкамы пра вынікі падпіскі. Пры дапамозе такіх захадаў чынавенства намагалася павялічыць наклады дзяржаўных газэтаў. Аднак іхныя намаганьні аказаліся марнымі.

Калі на "Советскую Белоруссию" падпісалася больш як 40 тысячаў жыхароў вобласьці, дык падпіска на іншыя дзяржаўныя газэты – "Рэспубліку", "Народную Газэту", ды іншыя – хісталася ад 2 да 5 тысячаў. Адпаведна выглядала сытуацыя з падпіскаю на мясцовыя выданьні – лідэрам стала газэта абласнога выканкаму "Могилевские ведомости", якая калісьці выводзіла ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, – ёй аддалі перавагу каля 30 тысячаў жыхароў вобласьці.

Што тычыцца іншага выданьня абласнога выканкаму – "Могилевской правды" – дык на яе падпісалася больш як 5 тысячаў. Менш, чым у папярэднім паўгодзьдзі. Горш стала выглядаць газэта магілеўскае гарадзкое "вэртыкалі" – "Вестник Могилева" – якая ледзь-ледзь перакрочыла бар'ер 1000 падпішчыкаў. Як стала вядома, кіраўнікі "вэртыкалі" не задаволеныя вынікамі падпіскі.

Працаўнікі, асабліва рабочыя, выказалі пратэст такім падыходам "вэртыкалі". Вось як заявіў рабочы будаўнічага трэсту Магілева № 12 Аляксей Паўлоўскі: "Запазычанасьць бюджэтных арганізацыяў, якія знаходзяцца пад крылом гарадзкога выканкаму, перад трэстам склала 180 мільярдаў недэмінаваных рублёў. А ад будаўнічае ўправы яшчэ патрабуюць грошы на падпіску – у той час, як трэст ня можа своечасова выплаціць заробкі". Прыкладна так казалі ўсе рабочыя, якія адмовіліся ад "бясплатнай" падпіскі, бо, паводле іхнае думкі, гэта – тыя ж самыя грошы, якія ўзялі зь іхнай кішэні.

XS
SM
MD
LG