Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 чэрвеня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Работнікі сельскае гаспадаркі зьвяртаюцца да такіх формаў пратэсту як страйк. Учора мэханізатары калгасу "Дубровы" Сьветлагорскага раёну адмовіліся ехаць на нарыхтоўку кармоў.

Галоўнае патрабаваньне мэханізатараў – выплата заробку. Калгас завінаваціўся ім ня толькі за ўсе веснавыя месяцы, але нават і за люты.

Угаворвалі трактарыстаў распачаць працу і старшыня гаспадаркі Мікалай Дашкоўскі, і галоўны інжынэр Уладзімер Шорап. Сытуацыя крыху зьмянілася, калі з калгаснай бугальтэрыі паведамілі, што ў банк на рахунак гаспадаркі зь мясакамбінату паступілі сродкі за здадзеную жывёлу, і пасьля абеду бугальтэрыя пачне выдаваць заробак за люты.

Частка мэханізатараў адправілася перавозіць сена, астатнія чакалі абяцаных грошай. Іх сапраўды прывезьлі ў калгас і разьлічваліся ледзь не да цямна.

Сёньня ў "Дубровах" зноў загрузілі дзьве вялікагрузныя машыны жывёлаю і адправілі на мясакамбінат у Калінкавічы, каб мець грошы на выплату заробку за сакавік. На гэта патрэбна звыш 4 мільёнаў рублёў у новых цэнах. Яшчэ большы доўг – за красавік і травень.

Пажарныя захады са здачаю жывёлы на заробак прыводзяць, аднак, да значных фінансавых стратаў. Вось што распавёў з гэтае нагоды калгасны эканаміст Уладзімер Бусел:

"Справа ў тым, што звычайна падвышэньне цэнаў на мяса й мясныя прадукты адбываецца 4-га, 5-га, 6-га дня новага месяцу, а зараз – канец чэрвеня, жывёлу збываць няма сэнсу. Мы зноў з гэтай здачаю страцім значныя сумы", – сказаў спадар Бусел.

Незважаючы на эканамічныя выгоды, калгасныя кіраўнікі мкнуцца ўсё ж такі любым чынам раздабыць грошы, бо сытуацыя ў вёсках сапраўды напружаная. Па 3-4 месяцы заробак ня плацяць ня толькі ў "Дубровах", але і ў большасьці калгасаў і саўгасаў вобласьці. Агульная сума запазычанасьцяў вяскоўцам цяпер у сельскай гаспадарцы перавысіла 1,5 мільярды рублёў. Гэта болей, чым у прамысловасьці, будаўніцтве, іншых галінах, разам узятых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG