Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 чэрвеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У Пінску больш як на тры тыдні затрымліваюць выплату травеньскага заробку супрацоўнікам мэдычных установаў. Нягледзячы на абяцаньні мясцовых уладаў, у бліжэйшы час сытуацыя наўрад ці выправіцца. У знак пратэсту мэдработнікі адмаўляюцца ехаць у калгасы на нарыхтоўку кармоў.

На сёньняшні дзень запазычанасьць гарадзкога бюджэту перад мэдыкамі толькі ў заробку складае больш за 67 мільёнаў рублёў.

На мінулым тыдні лідэры афіцыйных прафсаюзаў мэдычных установаў гораду сустрэліся са старшынём гарадзкога выканкаму Васілём Шустом і ягоным намесьнікам, якія паабяцалі выплаціць травеньскія заробкі да 1 ліпеня.

Аднак, як нам паведамілі ў гарадзкім фінансавым аддзеле, гэта наўрадці магчыма, бо з прадпрыемставаў гораду паступае вельмі мала сродкаў, а абласны бюджэт сёлета ў Пінск грошай не дае. Тое, што атрымліваецца назьбіраць, накіроўваюць на самае неабходнае – прыкладам, на харчаваньне ў дзіцячых садкох, дзе дзяцей зараз няма чым карміць.

Мэдработнікам часам пералічваюць грошы невялічкімі часткамі. Прыкладам, учора работнікі гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру замест заробку атрымалі па 2-3 тысячы рублёў. Калі будзе рэшта – невядома.

У мэдычных установах вельмі бракуе хірургічных інструмэнтаў, перавязных матэрыялаў ды нават самых простых і танных лекаў.

Сьвятлана Турбалава, прафсаюзны лідэр мэдработнікаў гораду, паведаміла нашаму радыё, што ўсё ж спадзяецца, што заробкі да канца тыдня будуць выплачаныя. А калі не, дык мэдработнікі будуць "прадпрымаць дзеяньні", але якія канкрэтна – будзе вядома пасьля 1 ліпеня.

Але ўжо зараз мэдработнікі пратэстуюць, адмаўляючыся ехаць у калгасы на нарыхтоўку сена. Яўген Тацуха, галоўны лекар найбольш буйное мэдычнае ўстановы гораду – Пінскае гарадзкое больніцы, у якой працуе больш за 1000 чалавек, напярэдадні заявіў на мясцовай тэлевізіі, што разумее сваіх падначаленых і калегаў, якія ня хочуць касіць сена ў час, калі грошай няма нават на ежу.

Дарэчы, сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам хірургі ды мэдсёстры з гарадзкой больніцы павінны нарыхтаваць сена ў 2 разы болей – 231 тону.

Такім чынам, калі ўлады да канцу тыдня ня знойдуць сродкаў на заробкі мэдработнікам, тыя могуць адмовіцца ня толькі касіць, але й выконваць сваю непасрэдную працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG