Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Вось ужо амаль два гады Беларусь ня можа атрымаць ад Расеі партыю збожжаўборачных камбайнаў, пра пастаўку якіх у свой час дамовіліся Аляксандар Лукашэнка й колішні прэм'ер Расеі Яўген Прымакоў.

З набліжэньнем жніва рэзка ўзрасла колькасьць зваротаў калгасаў і саўгасаў да кіраўніцтва аграпрамысловага комплексу Беларусі з просьбамі пра набыцьцё збожжаўборачнае тэхнікі. Цікавіць вяскоўцаў і лёс 57 камбайнаў, якія летась меркавалася атрымаць з расейскага вытворчага аб'яднаньня "Ростсельмаш".

Рэч у тым, што два гады таму тагачасны Урад Расеі, які ўзначальваў Яўген Прымакоў, падпісаў зь Менскам пагадненьне пра гэтак званыя "зьвязаныя" крэдыты. 82 мільёны расейскіх рублёў Масква паабяцала накіраваць на набыцьцё для сельскай гаспадаркі Беларусі растоўскіх камбайнаў "Дон–1500".

І вось зараз сьлед гэтых камбайнавых дамоўленасьцяў нечакана ўсплыў у Эканамічным судзе СНД. Вось што паведаміў нашаму радыё кіраўнік апарату гэтага суду Ўладзімер Зорын:

"Расея гэтых забавязаньняў ня выканала, дастаткова вялікую колькасьць камбайнаў не паставіла. І да нас па дапамогу зьвярнулася рэспубліканскае ведамства "Белаграснаб". Яны – выканаўцы гэтых дамоўленасьцяў. Але нам давялося пакуль адмовіць у прыняцьці такое заявы, паколькі міністэрства, паводле нашага статуту, ня можа зьвяртацца з такім запытам. Цяпер ім трэба выйсьці на Мінсельгасхарч, потым на ўрад і атрымаць рашэньне ўраду. Або сам урад павінен зьвярнуцца, і толькі тады мы зможам разглядаць такі зварот", – паведаміў Уладзімер Зорын.

У "Белаграснабе" мне пацьвердзілі інфармацыю пра няўдалы зварот у Эканамічны суд, але публічна камэнтаваць камбайнавую тэму адмовіліся. Як вынікае з прыватных тлумачэньняў чыноўнікаў, сельскагаспадарчыя дамоўленасьці з Масквою не выконваюцца. Прыблізна раз на тры месяцы ў Беларусь паступае ўсяго адзін расейскі камбайн. З "Ростсельмашам" не выконваюцца й лізінгавыя дамоўленасьці.

Пры гэтым сёньняшняя сустрэча Пуціна й Лукашэнкі аграрнае начальства не абнадзейвае. Рэч у тым, што расейскі завод зараз у глыбокім эканамічным заняпадзе й вырабляе нязначную колькасьць тэхнікі.

Затое, у адрозьненне ад Усходу, шмат такой збожжаўборачнай тэхнікі вырабляецца ў дзяржавах, разьмешчаных на захад ад Беларусі. Вось чаму, нягледзячы на прамаскоўскі курс Лукашэнкі, практычныя спадзяваньні беларускія аграрнікі ўскладаюць усё ж на супрацоўніцтва з Польшчаю і Нямеччынаю. Гарадзеншчына, напрыклад, спрабуе абнавіць свой збожжаўборачны парк за кошт польскіх "Бізонаў".

Зь яшчэ большай зайдрасьцю вяскоўцы ставяцца да нямецкіх "Кейсаў". Але шырокаму набыцьцю замежнае тэхнікі перашкаджае фінансавы стан Беларусі. Як вынік, новы камбайн на сёлетняе жніво вывядзе толькі кожная дзясяткая гаспадарка краіны.

XS
SM
MD
LG