Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску Эканамічны суд СНД распачаў разгляд справы міждзяржаўнае тэлерадыёкампаніі "Мір", якая незадаволеная сваім статусам.

Як паведаміў на сёньняшнім паседжаньні Эканамічнага суда ягоны старшыня Аўэзнур Кажэнаў, міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір" ініцыявала справу, зьвязаную з вызначэньнем свайго праўнага статусу. Рэч у тым, што няпэўнасьць цяперашняга становішча кампаніі спрычынілася да ейнага арганізацыйна-эканамічнага крызысу. Вось што зазначыў нашаму радыё прадстаўнік маскоўскае сядзібы тэлерадыёкампаніі Міхал Суханаў:

"Мы хто – міжнародная арганізацыя, і карыстаемся ейным праўным статусам, або чыста акцыянэрнае таварыства паводле заканадаўства Расеі? Калі акцыянэрнае таварыства, дык павінны падпарадкоўвацца абсалютна ўсім законам Расеі. Але ў такім выпадку паўстае пытаньне: наколькі воля іншых дзяржаваў-стваральніцаў кампаніі можа быць зрэалізаваная ў ёй? Ці яна застаецца толькі ў дакумэнце, на паперы?", – зазначыў Міхал Суханаў. Ён заявіў на сёньняшнім паседжаньні Эканамічнага суду, што цяпер склалася парадаксальная сытуацыя.

З аднаго боку, тэлерадыёкампанія "Мір" з боку кіраўнікоў дзяржаваў СНД мае нібыта поўную палітычную падтрымку:

"Прэзыдэнт Расейскае Фэдэрацыі Пуцін выказаў меркаваньне, што тэлерадыёкампаніі "Мір" варта падаць больш эфірнага часу, чым яна мае сёньня. Кіраўнік Беларусі Лукашэнка пад час нядаўняга наведаньня філіі кампаніі таксама заявіў, што яе варта разьвіваць. Для філіі кампаніі прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў выдаў у новай сталіцы Астане цудоўны будынак. У Грузіі і Кыргызіі "Мір" мае падтрымку прэзыдэнтаў і ўрадаў. У Азэрбайджане на першую асобу дзяржавы выходзіць наш дырэктар і той дапамагае яму", – паведаміў судзьдзям Міхал Суханаў.

Дзіўна, што пры такой моцнай палітычнай падтрымцы кампанія не разьвіваецца. Паводле меркаваньня ейнага кіраўніцтва, гэта тлумачыцца тым, што ў Расеі яе зарэгістравалі як звычайнае акцыянэрнае таварыства, а ў іншых краінах СНД – як прадстаўніцтвы гэтага таварыства, якія падпарадкоўваюцца нацыянальным заканадаўствам. А паколькі гэтыя заканадаўствы розьняцца між сабою, дык кампанія стала нагадваць коўдру, што распаўзаецца па швох. Напрыклад, у расейскай філіі "Міру" цяпер працуе каля васьмі дзясяткаў супрацоўнікаў, у казахстанскім – у два разы меней, а ў Малдове нацыянальная філія апынулася на мяжы банкруцтва. Там на сёньня "Мір" прадстаўляюць толькі тры супрацоўнікі.

Кіраўніцтва "Міру" лічыць, што крызыс можа быць пераадолены шляхам абвешчаньня новага праўнага статусу тэлерадыёкампаніі. На думку судзьдзяў Эканамічнага суду, ва ўсясьветнай практыцы гэта ўнікальны выпадак. Тым ня менш, старшыня суду Кажэнаў паабяцаў па згаданай справе ўжо заўтра вынесьці рашэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG