Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 24 чэрвеня)
Экс прэм'ер Міхал Чыгір сьцьвярджае, што ў Расеі падрыхтаваны сьпіс кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, што сьведчыць пра наяўнасьць незадаволенасьці Масквы Аляксандрам Лукашэнкам.
Жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Віктара Ганчара атрымала з Расеі адказ на свой ліст адносна лёсу мужа, які зьнік дзевяць месяцаў таму.

Немагчыма пакуль адказаць на пытаньне, калі скончыцца судовая эпапея экс-прэм'ера Міхала Чыгіра. Ён быў асуджаны да трох гадоў турмы з адтэрміноўкаю, але не пагадзіўся з гэтым прысудам і падаў папярэднюю касацыйную скаргу. Каб адбыўся паўторны разгляд справы, Чыгір павінен выкласьці сваю пазыцыю ў канчатковай скарзе, праца над якой немагчыма без азнаямленьня з пратаколам працэсу. На гэтым тыдні нарэшце Чыгіры пачалі азнаямленьне з пратаколам, і калі завершыцца гэтая азнаямленьне, Міхал Чыгір пакуль ня ведае…

(Чыгір: ) "Мая жонка з адвакатамі знаёмяцца з пратаколамі – каля 850 старонак – тэксты чытаюць, сьпяшацца няма куды… І гэта усё сваёй чаргою, як той казаў…"

(Карэспандэнт: ) "Юлію Станіславаўну не выклікаюць у ейнай справе?"

(Чыгір: ) "Не, нешта не выклікаюць… Была спроба адзін раз – зрабіць ёй допыт, але ж на гэтым і скончылася".

Мы ўжо паведамлялі, што Міхал Чыгір ўладкаваўся на новую працу, ён цяпер працуе ў камэрцыйнай навукова-вытвочай фірме, але не кідае і палітыку. Днямі Міхал Чыгір паведаміў журналістам, спасылаючыся на свае крыніцы ў Расеі, што ейнае кіраўніцтва разглядае магчымасьці зьмены лідэра Беларусі, і сьпіс гэтых магчымых пераемнікаў Лукашэнкі – рэальнасьць. Вось фрагмэнт нашае гутаркі на гэтую тэму.

(Чыгір: ) "Ёсьць такі сьпіс… Ёсьць два варыянты сьпісу – таму я ня ведаю, які больш дакладны, крыху адрозьніваецца прозьвішчамі й колькасьцю удзельнікаў".

(Карэспандэнт: ) "А якія там прозьвішчы ў сьпісе?"

(Чыгір: ) "Некаторыя прозьвішчы ўжо прагучалі, напрыклад, Лявонаў".

(Карэспандэнт: ) "Ярмошын ёсьць там?"

(Чыгір: ) "Ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "А Вы там ёсьць?"

(Чыгір: ) "Ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "І чые шанцы Вам падаюцца сёньня больш пэрспэктыўнымі?"

(Чыгір: ) "Ну, як мне – дык падаецца, што мае".

(Карэспандэнт: ) "Ва ўсякім разе можна казаць, што Масква шукае нейкага іншага кандыдата за цяперашняга кіраўніка?"

(Чыгір: ) "Не, ёсьць там таксама і Лукашэнка".

(Карэспандэнт: ) "Сур'ёзныя прэтэнзіі да яго ёсьць, і падводзіць да нейкіх "аргвысноваў"?"

(Чыгір: ) "Ну, як разглядалі б адную кандыдатуру – можна было б лічыць інакш. А як разглядаюць розныя варыянты – гэта ж аб чымсьці гаворыць…"

Казаў экс-прэм'ер Беларусі Міхал Чыгір, які балятаваўся ў прэзыдэнты на выбарах, зарганізаваных Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня летась ў траўні. Нагадаю, тыя выбары правесці не ўдалося, як лічаць іхныя арганізатары, па віне беларускіх ўладаў.

Таксама нагадаю, што адзін з асноўных арганізатараў тых прэзыдэнцкіх выбараў Віктар Ганчар зьнік у верасьні мінулага году. Ягоныя калегі-дэпутаты і сваякі лічаць, што зьнікненьне Ганчара матывуецца ягонаю палітычнаю дзейнасьцю, улады ж Беларусі кажуць пра нейкі камэрцыйны сьлед у гэтым здарэньні.

Жонка Ганчара Зінаіда зьвярталася зь лістамі па дапамогу як да беларускіх, гэтак і да расейскіх чыноўнікаў, і ўсё безвынікова. Праўда, нарэшце ёй хоць адказалі з Расеі.

"Я атрымала пісьмовы адказ толькі ад расейскага камітэту ў справах барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, у якім паведамляецца, што аніякіх зьвестак пра майго мужа гэтае ведамства ня мае. Усе астатнія ведамствы ўвогуле маўчаць, у тым ліку і адміністрацыя Пуціна, куды быў апошні зварот", – паведаміла Зоя Ганчар. Нічым ня могуць яе абнадзеіць і беларускія сьледчыя – на жаль, вынікаў іхных пошукаў намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету аніякіх.

Ні на ёту не зьмянілася і становішча з пошукамі зьніклага летась экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. За год пошукаў жонка Юрыя Захаранкі таксама куды толькі не зьвярталася па дапамогу, але ўсё безвынікова.

За мінулы тыдзень не зьявілася новай цікавай інфармацыі пра іншых палітычных вязьняў Беларусі – Уладзімера Кудзінава, Андрэя Клімава, Васіля Лявонава. Яны па-ранейшаму сядзяць у турмах і не падобна на тое, што ўлады хутка выпусьцяць іх на волю, як таго патрабуе беларуская апазыцыя, праваабаронцы сьвету й кіраўніцтва аб'яднанай Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG