Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 чэрвеня 2000 г.


У Варшаве распачалася двухдзённая канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам дэмакратыі. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся зь дзяржсакратаром ЗША Мэдлін Олбрайт.

На канфэрэнцыю запрошаныя дзяржавы, якія абралі дэмакратычную форму ўлады, а таксама міжнародныя арганізацыі ды асобныя людзі, якія маюць заслугі ў барацьбе за дэмакратыю. Кітаю, Беларусі, Кыргызіі, Іраку ды Ірану запрашэньні не былі накіраваныя ў сувязі з сур'ёзнымі парушэньнямі ў гэтых краінах правоў чалавека.

Галоўная задача канфэрэнцыі – сфармуляваць праграму міжнароднага супрацоўніцтва дзеля максімальнага выкарыстаньня дасягненьняў дэмакратыі ва ўсясьветнай практыцы.

Адначасова ў Варшаве працягвае працу Ўсясьветны Форум дэмакратыі, які сабраў каля 300 прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, цэркваў, вучоных праваабаронцаў з 85 краінаў.

У Варшаву дзеля ўдзелу ў працы канфэрэнцыі прыбылі: старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, Намесьнік старшыні Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Ніна Стужынская і актывісты "Хартыі-97" Зьміцер Бандарэнка й Людміла Гразнова.

Як мы ўжо перадавалі, напярэдадні амэрыканскія сэнатары Крыстафэр Сьміт і Рычард Дурбін зьвярнуліся да Мэдлін Олбрайт зь лістом, заклікаўшы яе зустрэцца зь беларускімі палітыкамі ў Варшаве дзеля таго, каб выказаць ім падтрымку "на шляху пераадоленьня перажыткаў камунізму і аўтарытарызму":

"Улічваючы пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і асабліва карныя захады, што ўжываюцца супраць апазыцыі, адзначым, што сёньня дэмакратычныя сілы гэтае краіны як ніколі маюць патрэбу ў падтрымцы", – напісалі сэнатары ў лісьце на імя Мэдлін Олбрайт. "Беларуская апазыцыя заслугоўвае як нашае маральнае, так і матэрыяльнае падтрымкі, бо яна спрабуе зьнішчыць спадчыну камунізму і аўтарытарызму ды пабудаваць дэмакратычнае грамадзтва, заснаванее на вяршэнстве закону", – гаворыцца ў лісьце. – "Вашая сустрэча з гэтымі мужнымі людзьмі зьяўляецца дэманстрацыяй салідарнасьці Злучаных Штатаў з заціснутымі дэмакратычнымі сіламі беларусі" – напісалі амэрыканскія сэнатары на адрэсу дзяржсакратара ЗША Мэдлін Олбрайт.

Сёньня ў Варшаве Мэдлін Олбрайт знайшла час і сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Гаворыць старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Сам факт сустрэчы – гэта падзея вялікае палітычнае значнасьці. Я нагадаю, што зараз у Варшаву зьехаліся каля ста міністраў замежных справаў, і натуральна, кожны зь іх імкнуўся сустрэцца са спадарыняй Олбрайт. І тое, што яна знайшла мажлівасьць для сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі – гэта вельмі й вельмі істотны факт. Ён у значнай супені зьяўляецца пацьверджаньнем высновы, якую мы зрабілі пасьля візыту ў Вашынгтон, што Злучаныя Штаты Амэрыкі выяўляюць сапраўды вялікую зацікаўленасьць сытуацыяй у Беларусі.

Пад час нашае гаворкі мы закраналі розныя пытаньні, розныя аспэкты. Мы распавялі пра сёньняшні стан справаў. Мы выказалі свае прагнозы, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Беларусі. І атрымалі запэўніваньні ў палітычнай і маральнай падтрымцы афіцыйнага Вашынгтону беларускай дэмакратычнай апазыцыі.

ЗША вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь, застаючыся сувэрэннай дзяржаваю, у той жа час ішла да дэмакратыі – і пра гэта сказала спадарыня Олбрайт. Яна таксама падзяляе нашую заклапочанасьць тым, што ў Беларусі на сёньняшні дзень ня могуць адбыцца дэмакратычныя справядлівыя парлямэнцкія выбары. Яна прыхільна ставіцца да таго, што апазыцыя ня можа ўдзельнічаць у іх такім фармаце, бо гэта будзе падман нашых выбаршчыкаў, і гэта не прывядзе да пазытыўных зьменаў у Беларусі"

Апроч сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША прадстаўнікі беларускай апазыцыі атрымалі магчымасьць пагутарыць, напрыклад, са старшынём Інстытуту адкрытага грамадзтва Джорджам Сорасам. Анатоль Лябедзька дзеліцца сваімі ўражаньнямі…

(Лябедзька: ) "Як нам сказалі, спадар Сорас даўно ўжо ня гутарыў такі працяглы час зь нейкай дэлегацыяй… Вельмі цёплая сустрэча, вельмі цікавы абмен думак, не было закрытых тэмаў… і мы атрымалі вялікае задавальненьне (і чалавечае, і, нават, эстэтычнае) ад сустрэчы з гэтым цікавым чалавекам.

Спадар Сорас у нас цікавіўся, як справы ў Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту, якому ён таксама аказвае дапамогу. Натуральна, што гэта не падтрымка апазыцыі, але гэта ўклад, інвэстыцыя ў будучыню Беларусі, у інтэлект…

Разам з тым патрэбна адзначыць, што спадар Сорас – надзвычай сьвядомая фігура ў сьвеце, і ягоныя кантакты, ягоныя сувязі ня толькі зь філянтропамі, зь дзеячамі навукі, культуры, але й з палітыкамі… І я думаю, што гэтую мажлівасьць мы можам таксама скарыстаць – тое, што яго ведаюць, што перад ім адчыненыя практычна дзьверы многіх вядомых палітыкаў – тых людзей, якія прымаюць палітычныя рашэньні".

Беларуская дэлегацыя мела ў Варшаве шмат сустрэчаў – Анатоль Лябедзька распавядае пра некаторыя самыя цікавыя кантакты…

(Лябедзька: ) "На гэтай канфэрэнцыі ў нас адбыліся двухбаковыя кантакты з прадстаўнікамі розных кантынентаў, якія казалі пра сытуацыю ў сваіх краінах, а нам падавалася, што калі замяніць некаторыя прозьвішчы, дык яны распавядалі пра сытуацыю ў Беларусі… Напрыклад, і прадстаўнік Перу – кандыдат у прэзыдэнты, які мушаны быў зьняцца і няўдзельнічаць у другім туры – таму што была проста масавая фальсыфікацыя… Ці прадстаўніца Цэнтральна-Афрыканскае Рэспублікі, якая нагадвала прыклады, калі іхны прэзыдэнт сказаў перад выбарамі, што будзе 52% – так яно і атрымалася, дзякуючы фальсыфікацыі. Гэта ўсё вельмі нагадвае сытуацыю ў Беларусі.

І такія сустрэчы вельмі важныя, яны сьведчаць пра тое, што сытуацыя ў Беларусі – гэта не "беларускае" пытаньне – гэта агульнаэўрапейскае пытаньне і ўсясьветная праблема, якая існуе ў многіх краінах. І гэта дапамагае лепш зразумець адзін аднаго".

Гаварыў Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG