Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

23 чэрвеня ў Менску адбыўся сход заснавальнікаў асацыяцыі "Цэнтральная Расея", у якім акрамя расейцаў узялі ўдзел кіраўнікі "вэртыкалі" Менску, Магілеўскай, Віцебскай, Гомельскай і Менскай абласьцей.

Асацыяцыя "Цэнтральная Расея" была заснаваная ў канцы 90-га году 12-цю суб'ектамі Расейскае Фэдэрацыі. Летась у яе склад увайшлі чатыры ўсходнія беларускія вобласьці й Менск. Гэта стала, так бы мовіць, "апафеозам" лукашэнкавай палітыкі яднаньня з расейскімі рэгіёнамі. І вось цяпер упершыню заснавальнікі гэтай асацыяцыі на свой сход сабраліся ў беларускай сталіцы.

Уваходжаньне беларускіх абласьцей у "Цэнтральную Расею" выглядае як геаграфічны анэкдот, а абмеркаваньне ў нас вострых расейскіх праблемаў – ужо як палітычная некарэктнасьць. У прыватнасьці, паводле словаў губэрнатара Яраслаўскае вобласьці Анатоля Лісіцына, важнейшым пытаньнем парадку дня паседжаньня заснавальнікаў "Цэнтральнай Расеі" ў Менску, зьяўляецца пункт пра праект бюджэту Расейскае Фэдэрацыі на 2001 год.

"Белорусская деловая газета" паведаміла, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін нэгатыўна выказаўся адносна правядзеньня падобнае сустрэчы ў Менску. Магчыма, таму і Аляксандар Лукашэнка адмовіўся асабіста павітаць удзельнікаў сходу, хаця ў парадку дня ягоны выступ быў ці ня першым. Замест яго прывітаньне расейскім губэрнатарам і беларускім "вэртыкальшчыкам" перадаў віцэ-прэм'ер Леанід Козік.

Увогуле, калі беларускі бок быў прадстаўлены кіраўнікамі абласьцей, дык ад Расеі прыбылі толькі губэрнатары Яраслаўскай і Тульскай абласьцей Лісіцын ды Старадубцаў. Астатнія прыслалі замест сябе другіх-трэціх асобаў. Расейскі ўрад быў прадстаўлены ня віцэ-прэм'ерам Хрыстэнкам, як чакалася, а міністрам у справах нацыянальнасьцяў ды рэгіёнаў, намесьнікамі міністраў фінансаў і транспарту.

Расейскія губэрнатары цяпер перажываюць нялёгкі час выстройваньня ў пуцінскую ўладную "вэртыкаль". З гэтае нагоды беларускі прэм'ер Уладзімер Ярмошын, які прымаў землякоў у Доме ўраду, зазначыў, што ён "душэўна ставіцца" да Цэнтральнае Расеі, але цяпер пабойваецца, як бы з умацаваньнем цэнтральнае расейскае ўлады не страціла свой уплыў асацыяцыя "Цэнтральная Расея", у выніку чаго яе беларускім партнэрам "давядзецца прапаўзаць там, куды раней ужо праклалі шлях"… У адказ з расейскага боку сумна прагучала пацьверджаньне такіх тэндэнцыяў.

XS
SM
MD
LG