Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Пытаньне колькасьці дэлегатаў ад палітычных партыяў было асноўным на чарговым паседжаньні аргкамітэту ў справе правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якое скончылася колькі гадзінаў таму. Квота прадстаўніцтва Беларускае Сялянскае партыі павялічаная да 25-ці чалавек. У той жа час сябры аргкамітэту не задаволілі патрабаваньне Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады вылучаць ад кожнай партыі аднолькавую колькасьць дэлегатаў.

Сёньняшняе паседжаньне арганізацыйнага камітэту ў справе правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў мела ўсе шанцы стаць ня вельмі цікавым. Канчатковы варыянт мастацкага аздабленьня залі паседжаньняў будзе прыняты пазьней. Праекты трох выніковых рэзалюцыяў – пра палітычную сытуацыю, пра стаўленьне да восеньскіх выбараў і пра стаўленьне да Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць – пакуль не гатовыя.

Эмацыйнасьць паседжаньню аргкамітэту надаў выступ старшыні выканкаму Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Алега Багуцкага. БСДГ дамагаецца таго, каб усе палітычныя партыі вылучалі аднолькавую колькасьць дэлегатаў:

(Багуцкі: ) "Пры арганізацыі Кангрэсу ўзьнікла некалькі такіх тэхнічных пытаньняў. Мы катэгарчына супраць таго, каб дзяліць партыі апазыцыі на галоўныя і другарадныя, на новую хвалю ці старую хвалю".

У адказ на заўвагі спадара Багуцкага старшыня аргкамітэту Юры Хадыка назваў імкеньне даць усім партыям аднолькавую квоту "сацыялістычным прынцыпам". Але разам з гэтым, сябры аргкамітэту вырашылі ўсталяваць для БСДГ аднолькавую з БНФ і АГП колькасьць дэлегатаў – 80 чалавек.

Алег Багуцкі заявіў "Радыё Свабода", што афіцыйнага пазыцыя БСДГ адносна рашэньня аргкамітэту будзе выпрацавана выканаўчым камітэтам партыі:

(Багуцкі: ) "Я спадзяюся, што рашэньне будзе дастаткова талерантным".

(Карэспандэнт: ) "Ці гэта азначае, што партыя будзе ўдзельнічаць у паседжаньнях Кангрэсу, калі партыя вылучыць сваіх дэлегатаў?"

(Багуцкі: ) "Я не магу адказваць на гэтае пытаньне, бо гэта вырашыць калегіяльны ворган. У мяне толькі адзін голас з 11-ці ў выканкаме і адзін з 45-ці ў радзе".

Чарговае паседжаньне аргкамітэту Кангрэсу Дэмакратычных сілаў адбудзецца ў наступную сераду.

XS
SM
MD
LG