Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Магілеву пачаў разгляд справы паводле позвы гарадзкой пракуратуры да кіраўнікоў суполкі Свабоднага прафсаюзу на Магілеўскім аўтазаводзе – Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай.

Ініцыятыва ўзбуджэньня адміністрацыйнай справы зыходзіла ад старшыні дзяржаўнага прафкаму аўтазаводу Васіля Цітова. Ён абвінаваціў сваіх канкурэнтаў у правапарушэньнях.

Як заявіў Ігар Бугроў, менавіта старшыня камітэту дзяржаўнага прафсаюзу з дапамогай дырэктара прадпрыемства накіраваў ліст у пракуратуру. Пасьля гэтага ейныя прадстаўнікі былі вымушаныя пачаць праверку. Адказчыкаў абвінавацілі "у ажыцьцяўленьні дзейнасьці арганізацыі, якая не прайшла ў вызначаным парадку рэгістрацыю".

Аднак, Свабодны прафсаюз аўтазаводу ня стаў на ўлік у гарвыканкаме менавіта таму, што дырэктар прадпрыемства адмовіўся прадставіць памяшканьне для юрыдычнага адрасу арганізацыі.

Першапачаткова судзьдзя Каласоўскі не пажадаў задаволіць хадайніцтва адказчыкаў аб іхных прадстаўніках, але ж пасьля тлумачэньня юрыстаў зьмяніў увласнае рашэньне. Абараніць інтарэсы Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай узяліся юрысты Свабоднага прафсаюзу Сьвятлана Ўэльская і Аляксандар Каралёў, а таксама дырэктар Магілеўскага праваабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі. На судзе прысутнічала і прадстаўніца АБСЭ Бэата Разуміловіч – як яна патлумачыла, з мэтай аналізу стану захаваньня законнасьці ў Беларусі.

Аўдыторыя была досыць прадстаўнічай: журналісты, рабочыя, паліткі, грамадзкія дзеячы, а таксама кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў. Такая ўвага да гэтай справы зразумелая: адміністрацыйнае пакараньне лідараў Свабоднага прафсаюзу Магілеўскага прадпрыемства дасьць падставы для ціску на ўсе арганізацыі, якія ня сталі на ўлік у гарвыканкаме. А ў Магілеве ўсе першасныя арганізацыі СПБ, за выключэньнем адной, апынуліся ў такім жа становішчы.

У якасьці доказу незаконнай дзейнасьці пракуратура прадставіла суду інфармацыйны бюлетэнь прафсаюзу №12 ад 5 чэрвеня, а таксама пратакол нечарговай канфэрэнцыі арганізацыі. У бюлетэні пад назовам "Шанец для дырэктара Лакіза" кіраўніка прадпрыемства жорстка крытыкавалі за ўціск незалежных прафсаюзаў, што, відаць, і выклікала ягоны гнеў. Пратакол канфэрэнцыі зафіксаваў шматлікія парушэньні працоўнага заканадаўства і калектыўнай дамовы – у першую чаргу, сыстэматычныя запазычанасьці з выплатай заробку. Менавіта гэтыя паперы адміністрацыя аўтазаводу палічыла доказам незаконнай дзейнасьці прафсаюзу.

Абаронцы даводзілі, што дзейнасьць першаснай прафсаюзнай арганізацыі аўтазаводу цалкам законная, бо Свабодны прафсаюз, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, прайшоў перарэгісторацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Узгадвалі факты затрымак з разглядам дакумэнтаў, бо Свабодны прафсаюз аўтазаводу яшчэ летась увосень накіраваў адпаведныя дакумэнты ў ворганы ўлады. Судовае паседжаньне было перанесенае на 23 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG