Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёлета кіраўніцтва Берасьця вельмі нэрвова адрэагавала на ініцыятыву некаторых габрэйскіх арганізацыяў правесьці 22-га чэрвеня традыцыйны сэмінар на тэму Галакосту.

Афіцыйная праграма ўрачыстасьці распачалася зь мітынгу, які пачаўся а 4-ай гадзіне раніцы 22 чэрвеня ля Цярэспальскай брамы Берасьцейскай крэпасці. Час і месца падзеяў былі падабраныя невыпадкова і павінны былі нагадаць прысутным пра тое, што тут адбывалася 59 год таму.

Ля старажытных берасьцейскіх брамаў гучалі настальгічныя ўспаміны пра разбураны савецкі саюз. Заклікі быць пільнымі ў сувязі з пашырэньнем НАТА на ўсход і палымяныя звароты да ўмацавання славянскай еднасьці.

Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў таксама на 22 чэрвеня заплянавалі пачатак ў Берасьці сваіх мерапрыемстваў і нечакана сутыкнуліся з перашкодамі з боку мясцовых уладаў. У прыватнасьці, размова ідзе пра летнюю сэсію міжнароднай школы падрыхтоўкі выкладчыкаў, якія спэцыялізуюцца на тэме Галакосту. Падобныя сэсіі ў мінулыя гады ўжо адбыліся ў Маскве і Ерусаліме. Ініцыятары правядзеньня гэтага прадстаўнічага форуму, сярод якіх фонд Галакост і Ізраільская арганізацыя Яд Вашэм, палічылі сымбалічным, каб ў 3-ці раз удьзельнікі сэсіі сабраліся ў Берасьці. Пры гэтым яны зыходзілі з таго, што да другой сусьветнай вайны амаль палову насельніцтва гэтага гораду складалі габрэі, 34.000 зь якіх былі зьнішчаныя ў берасцейскім гэта.

Натуральна, што арганізатары форуму жадалі, каб прадстаўнікі мясцовых уладаў таксама ўдзельнічалі ў згаданым мерапрыемстве. Але рэакцыя з боку вэртыкалі была адваротнай. Ў аблвыканкаме актывістам габрэйскай абшчыны Берасьця спрабавалі давесьці, што тэма Галакосту не зусім прыдатная, каб яе узгадваць 22-га чэрвеня, а таму яна не стасуецца з ужо абвешчаннай афіцыйнай праграмай.

Можна меркаваць, што тэмы некаторых дакладаў, якія павінны прагучаць на сэсіі – напрыклад, "Сталін і габрэйскае пытаньне ў СССР", "Падабенства і разыходжаньне фашыстоўскай і камуністычнай дыктатураў" – сапраўды, напалохалі берасьцейскія ўлады, і таму яны фактычна паставілі пад пытанне мэтазгоднасьць правядзеньня ўсяго мерапрыемства. Па звестках радыё Свабода, пазьбегнуць скандалу, які мог атрымаць міжнароднае гучаньне, удалося толькі пасля ўмяшаньня кіраўніцтва расейскага фонду Галакосту. Тым ня менш, шматлікія ўдзельнікі летняй сэсіі, што прыбылі з Расеі, Украіны, Літвы, Швэцыі, Ізраілю ўжо могуць скласьці сваё ўражаньне пра тое, як беларускія ўлады шануюць гістарычную памяць аб продках, што жылі на гэтай зямлі .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG