Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Міжнародная парлямэнцкая дэлегацыя, якая сёньня пакінула Беларусь, заявіла, што паводле вынікаў візыту яна не змагла б параіць сваім інстытутам накіраваць міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь. Гэтую заяву, якая была распаўсюджаная ў пісьмовым выглядзе й дадаткова агучаная пад час прэсавае канфэрэнцыі, стала галоўным вынікам візыту "тройкі".

Сёньня быў атрыманы адказ на пытаньне: чые аргумэнты – улады або апазыцыі – больш паўплываюць на рашэньне парлямэнцкае "тройкі"?

І кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, і старшыня падкамітэту ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Ян Вірсма патлумачылі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, што яны, безумоўна, улічвалі ўсю інфармацыю, як ад урадавага боку, гэтак і ад апазыцыі. Але іхнае рашэньне грунтавалася на самастойным аналізе атрыманай інфармацыі. Яна вывучалася па чатырох кірунках, якія яшчэ летась міжнародная супольнасьць вызначыла як прынцыпова важныя. І вось да якіх высноваў прыйшлі сябры "тройкі".

Гаворыць Ян Вірсма:

"Папраўкі ў Выбарчы кодэкс толькі нязначна паляпшаюць празрыстасьць выбарчага працэсу і не гарантуюць складу выбарчых камісіяў, у якія ўваходзілі б прадстаўнікі розных палітычных сілаў. Малы прагрэс дасягнуты ў галіне доступу ўсіх палітычных партыяў да дзяржаўных СМІ, а працэдуры гарантаваньня гэтага доступу пад час выбарчае кампаніі недастатковыя. Практычна няма аніякіх станоўчых зьменаў у галіне пашырэньня значных паўнамоцтваў новага парлямэнту. Прысуды Чыгіру, Статкевічу, Шчукіну, нерастлумачаныя зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў і працяг парушэньняў правоў чалавека выклікаюць сур'ёзны сумнеў у тым, што ўлады маюць намер уступіць у пэрыяд міру на час перадвыбарчае кампаніі".

Гэта была думка парлямэнцкае "тройкі", якую агучыў Ян Вірсма.

Міжнародныя чыноўнікі заклікалі ўрадавы бок максімальна выкарыстаць той невялікі прамежак часу, які яшчэ застаецца, каб неадкладна пачаць працэс перамоваў паміж апазыцыяй і ўладамі. У гэтай сувязі я задаў пытаньне Адрыяну Севярыну – як ён ставіцца да прапановы апазыцыі адкласьці парлямэнцкія выбары на нейкі час.

Адказ кіраўніка рабочае групы ў справах Беларусі быў наступны:

"Вызначаць канкрэтныя тэрміны выбараў – ня нашая задача. І ня нам вырашаць, колькі часу патрэбна ўрадаваму боку, каб дасягнуць прагрэсу ў вашай краіне. Рашэньне аб адтэрміноўцы выбараў павінен прыняць урадавы бок і іншыя палітычныя сілы".

Гэта была думка Адрыяна Севярына.

Зь іншых найбольш цікавых вынікаў візыту можна адзначыць:
- заяву "тройкі" пра тое, што "дыялёг грамадзка-палітычных сілаў" не зьяўляецца адэкватнаю заменаю перамовам;
- заяву спадара Севярына пра тое, што "тройка" ня мае намеру падштурхоўваць апазыцыю да ўдзелу або няўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах;
- выказваньне спадара Севярына пра тое, што ставіць пытаньне пра апошні тэрмін для беларускага ўраду неразумна. Гэты тэрмін будзе вынікаць натуральным чынам з самаго працэсу;
- заяву "тройкі" пра тое, што канчатковае рашэньне адносна міжнародных назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі будзе прынятае пазьней.

XS
SM
MD
LG