Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

На наступным тыдні ў Варшаве адбудзецца ўнікальная ў пэўным сэнсе міжнародная канфэрэнцыя.

На тры дні, пачынаючы з 25 чэрвеня, ў Варшаве зьбяруцца дзяржаўныя і палітычныя лідары з больш як сотні краінаў сьвету, якія трывала крочаць па шляху дэмакратыі. Мэта канфэрэнцыі – абмеркаваньне і выпрацоўка мэтадаў паскарэньня дэмакратычных працэсаў ва ўсім сьвеце, і, у тым ліку, абарона дэмакратыі ў тых рэгіёнах, дзе існуе для яе пагроза.

У якасьці арганізатараў канфэрэнцыі выступаюць ўрады сямі краінаў – у тым ліку Польшчы, Чэхіі і ЗША. Узначальваць амэрыканскую дэлегацыю будзе Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт. Як мы ўжо паведамлялі, учора два сэнатары зьвярнуліся да Олбрайт з прапановай правесьці сустрэчу з намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Анатолем Лябедзькам і іншымі лідарамі беларускай апазыцыі.

Памочнік Дзяржсакратара ЗША ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і прафсаюзаў Гэральд Кох наступным чынам вызначыў мэты канфэрэнцыі:

(Кох: ) "Мы чакаем ад гэтай канфэрэнцыі, што дэмакратычныя краіны, якія будуць прадстаўленыя, прымуць Варшаўскую дэклярацыю. У ёй будуць вызначаныя базавыя прынцыпы і мэтады, якія складуць ўнівэрсальную канцэпцыю дэмакратыі. Па-другое, прадстаўнікі ўрадаў дамовяцца адносна больш шчыльнага супрацоўніцтва ў справе рэалізацыі гэтых прынцыпаў".

Памочнік Дзяржсакратара ЗША Гэральд Кох адзначыў таксама, што ў параўнаньні з 1974 годам колькасьць дэмакратычных краінаў у сьвеце павялічылася з 30-ці да 120-ці. Тым ня менш, ён зьвярнуў увагу на адну цікавую заканамернасьць.

(Кох: ) "Іронія палягае ў тым, што, хаця ў стратэгічнай пэрспэктыве дэмакратыя ёсьць найбольш стабільнай формай дзяржаўнага ўладкаваньня, яна адначасна – даволі крохкая, і таму вымагае падтрымкі, асабліва там, дзе яна толькі ўсталёўваецца. Мы мяркуем, што гэта вельмі вялікае дасягненьне – вольныя і справядлівыя выбары ў тых краінах, дзе іх раней не было. У той жа час мы ўведалі, што нашмат цяжэй ўсталяваць дэмакратычныя каштоўнасьці, інстытуцыі і разьвіць патэнцыял грамадзскай супольнасьці".

Гэральд Кох выказаў спадзяваньне, што супрацоўніцтва ў сфэры пашырэньня дэмакратыі будзе пасьпяховым. Пры гэтым памочнік Дзяржсакратара ЗША акцэнтаваў увагу на варыяньце супрацоўніцтва паміж ўрадавымі ўстановамі і недзяржаўнымі арганізацыямі.

На прэсавай канфэрэнцыі Гэральду Коху было зададзенае пытаньне, якія адносіны будуць мець ЗША і іншыя краіны з дзяржавамі кшталту Аўстрыі, якая падлегла эканамічным санкцыям з прычыны ўдзелу ва ўрадзе ўскрайне правых, а таксама з Расеяй, якая на Захадзе крытыкуецца за чачэнскую кампанію. Памочнік дзяржсакратара заявіў, што канфэрэнцыя якраз і будзе яшчэ адной магчымасьцю паўплываць на гэтыя краіны.

XS
SM
MD
LG