Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Агляд чарговага чэрвеньскага нумару штотыднёвіка "Рабочы".

Здымак на першай старонцы лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Міколы Статкевіча пад наглядам міліцыянта каля будынку суда суправаджаецца вытрымкамі з заявы Валерыя Шчукіна, асуджанага разам са Статкевічам. Дэпутат легітымнага сёньня Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня В.Шчукін не пагадзіўся з рашэньнем суда, які стаў палітычнай расправай над апазыцыйнымі дзеячамі. Усьведамляючы, што "умовы адтэрміноўкі, па сутнасьці – тая ж самая адсутнасьць свабоды", старэйшы з дэпутатаў-апазыцыянэраў гатовы насамрэч адбыць у турме вызначаны яму тэрмін.

У нумары таксама – паведамленьне пра "круглы стол" у Маскве з прадстаўнікамі правых сілаў Расеі і пашыранай дэлегацыяй Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Беларусі. Аналёгіі беларускай і найноўшай расейскай палітыкі абмяркоўваюць Аляксандар Патупа, вядомы палітоляг, віцэ-прэзідэнт Саюзу прадпрыймальнікаў Беларусі і Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Беларускага народнага фронту, галоўны рэдактар "Рабочага". "Гэта мы ўжо праходзілі," – лічыць Івашкевіч.

Адказы на эканамічныя пытаньні аб зьніжэньні ўзроўню жыцьця на Беларусі шукае журналістка Ірына Дубовік на прыкладзе акцыянэрнага таварыства "Мастра" – досыць моцнага, здавалася б, прадпрыемства.

Напярэдадні прыняцьця закону аб альтэрнатыўнай цывільнай службе старонка "Маё права" паведамляе, што на Гомельшчыне зараз судзяць хлопцаў–"адмоўнікаў". Ход гэтых судовых справаў трымае на кантролі Беларускі Гэльсынскі камітэт.

Традыцыйная паласа "Мой сусьвет" – своеасаблівая справаздача пра чалавека, які на ўласнай скуры паспрабаваў даведацца, што гэта такое – беларускі палітычны уцякач. Аўтар Юльян Сяўрук распавядае пра асаблівасьці польскай эміграцыйнай сыстэмы.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты
"Рабочы"

XS
SM
MD
LG