Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Cёньня – Міжнародны алімпійскі дзень. Але ў межах Беларусі ён адзначаны чарговым каляалімпійскім скандалам. Ягоныя галоўныя ўдзельнікі – памочнік Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях спорту Сяргей Цяцерын і генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Анатоль Іваноў.

Учора Сяргей Цяцерын накіраваў прэзыдэнту НАК дакладную, у якой абвінаваціў супрацоўнікаў падначаленай Лукашэнку структуры ў інфантыльнасьці ды абыякавым стаўленьні да прафэсійных абавязкаў. Цяцерын зазначыў, што напярэдадні галоўных стартаў адыходзячага тысячагодзьдзя, Алімпійскіх гульняў у Аўстраліі, пазыцыя чыноўнікаў ёсьць злачыннай у дачыненьні да беларускага спорту і айчынных заўзятараў. Маўляў, з такой работаю марыць пра нейкія дасягненьні ў Сіднэі абсурдна. А таму, калі ягоныя рэкамэндацыі ня будуць пачутыя, ён падасьць у адстаўку.

Што падштурхнула лукашэнкавага паплечніка распачаць высьвятленьне адносінаў напярэдадні летняй Алімпіяды, я спытаў у генэральнага сакратара НАК Анатоля Іванова…

(Іваноў: ) "Я мяркую, большая частка сказанага – павярхоўная інфармацыя, якая ня мае аніякага глыбокага аналізу. Наколькі я ведаю, Сяргей Сямёнавіч, на жаль, не зусім добра ведае, што робіцца ў сьценах НАК. Неабгрунтаваныя абвінавачваньні на адрэсу НАК гучаць ужо ня першы раз. Але за тры месяцы да Алімпіяды бударажыць краіну не зусім слушна. Недахопы, як і ў любой справе, ёсьць, але час для высьвятленьня адносінаў выбраны ня той".

Гэтак лічыць генэральны сакратар НАК Анатоль Іваноў.

На прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Міжнароднага алімпійскага дня Іваноў, як бы адказваючы апанэнту, пералічыў шэраг праектаў, да якіх Нацыянальны алімпійскі камітэт прыклаў руку. Гэта й будаўніцтва скандальнага алімпійскага дому, і глябальныя пляны ўзьвядзеньня алімпійскае вёскі, дзе ўрэшце павінна разьмясьціцца штаб-кватэра НАК, і намер пабудаваць уласны гатэль і залю на 8 тысячаў месцаў. Згадаў і ініцыяваную Лукашэнкам і падтрыманую Самаранчам ідэю ўзьвядзеньня ў Менску алімпійскага музэю.

Ці ўразяць гэтыя аргумэнты Цяцерына – невядома. Некаторыя назіральнікі сьцьвярджаюць, што сёньня многія чыноўнікі гатовыя пакінуць уладны карабель, які выглядае ня надта ўстойлівым. Адчуваючы, што адказнасьць у выпадку няўдалага выступу беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе абавязкова закране яго, Цяцерын, магчыма, і імкнецца разьвітацца з былымі паплечнікамі. Такім чынам былы трэнэр Лукашэнкі ў вялікім тэнісу (а цяпер – у хакэю) дбае пра ўласную пэрспэктыву.

Калі напярэдадні адказных стартаў усе чыноўнікі перасварацца, прэзыдэнту НАК Лукашэнку анічога не застанецца, як асабіста весьці беларускую каманду да п'едэсталу. Ці мае Лукашэнка намер паўтарыць свой японскі ваяж і паехаць гэтым разам у Аўстралію, я пацікавіўся ў Анатоля Іванова…

(Іваноў: ) "На зімовую Алімпіяду ён таксама не плянаваў выезду. Але ў сувязі з пасьпяховым выступам нашае хакэйнае каманды было прынятае рашэньне падтрымаць нашых спартоўцаў. Таму цалкам ня выключана, што пры ўдалых стартах нашых землякоў адпаведнае рашэньне будзе тасама разгледжана".

Гаварыў Анатоль Іваноў.

Чым скончыцца чарговы разлад у бюракратычным асяродзьдзі, прадбачыць цяжка. Але можна сьцьвярджаць, што на карысьць спорту гэтыя разьбіральніцтвы ня пойдуць.

XS
SM
MD
LG