Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менскія міліцыянты ня выканалі свае ранейшыя абяцаньні не затрымліваць шэраговых удзельнікаў несанкцыянаванага пікету, які адбыўся ўчора побач з будынкам гарадзкога выканкаму. У Маскоўскім раённым аддзеле міліцыі з чатырох удзельнікаў акцыі былі ўзятыя тлумачэньні, а іхныя лёзунгі сканфіскаваныя.

Арганізатару й заяўніку ўчорашняга пікету, актывісту АГП Ўладзімеру Раманоўскаму міліцыянты абяцалі, што калі ён сам дабрахвотна пойдзе пасьля акцыі ў міліцыю, дык жанчын-удзельніцаў пікету яны затрымліваць ня будуць. Аднак слова сваё ахоўнікі парадку не стрымалі.

Актывісткі АГП Галіна Ганчарык і Людміла Бажок былі затрыманыя ў дварох побач з гарадзкім выканкамам і таксама адвезеныя ў Маскоўскі РАУС. Там ў пікетоўцаў сканфіскавалі плякаты з патрабаваньнямі свабоды сходаў і пікетаў і прымусілі напісаць тлумачэньні, чаму яны выйшлі на пікет без дазволу.

Гэтыя тлумачэньні, лічаць пікетоўцы, міліцыя яшчэ можа выкарыстаць для адміністрацыйнага перасьледу. Але пакуль пратаколы на іх складзеныя не былі, што заяўнік пікету Ўладзімер Раманоўскі лічыць сваесаблівай перамогаю:

"Мы здолелі даказаць міліцыі, што яны не забавязаныя выконваць незаконныя рашэньні гарадзкога выканкаму й лічым гэта нашай невялікай, але перамогаю. Гарадзкі выканкам дзясяткі разоў пераносіў месца правядзеньня нашых пікетаў абсалютна незаконна. Зразумела, што гэта намесьнік старшыні выканкаму Віктар Чыкін прымушае падначаленых яму юрыстаў рабіць такія крокі. Але гэтым разам мы не паддаліся на іхную казуістыку. У нашай заяўцы мы не прасілі дазволу, а інфармавалі пра правядзеньне пікету й забароны не атрымалі. Хай цяпер ламаюць галаву, як нас пакараць за парушэньне, якога мы не рабілі", – кажа Ўладзімер Раманоўскі.

Ён заяўляе, што АГП будзе й надалей змагацца за права грамадзянаў у любым месцы горада, калі гэта нікому не перашкаджае, стаяць з плякатамі й патрабаваньнямі да ўладаў. Цяперашнюю практыку, калі менчукі ў сваім горадзе ня могуць данесьці свае погляды да гарадзкіх уладаў, Раманоўскі лічыць недапушчальнаю:

"Гэтая сытуацыя дэманструе беззаконьне ўлады ў дачыненьніы да палітычнай дзейнасьці," – лічыць намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Раманоўскі.

Паводле ягоных словаў, пра сытуацыю з правам гараджанаў Менску на пікетаваньне сёньня будзе паведамлена ўдзельнікам "круглага стала" з удзелам апазыцыі, уладаў і прадстаўнікоў АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG