Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Галіна Прыгара

Сёньня паліцыя Брытанскага городу Дуўр правяла допыты кіроўцы грузавіка, у кантэйнеры якога былі знойдзены 58 загінулых нелегальных імігрантаў зь Кітаю. Два імігранты выжылі і зараз знаходзяцца у бальніцы, пад аховаю. Брытанская паліцыя спадзяецца, што сьведкі трагедыі раскажуць падрабязнаcьці пра кантрабанду нелегальных уцекачоў зь Кітаю…

Паводле толькі прыблізных падлікаў, каля паўмільёну нелегальных імігрантаў штогод прасочваюцца ў краіны Заходняй Эўропы. Большасьць зь нелегалаў менавіта жыхары Кітаю.

Кантрабандаю нелегальных імігрантаў у Эўропу у Кітаі займаюцца шэраг злачынных груповак.. Самая знакамітая зь іх – "Зьмяіная галава". Яна мае сваю сетку філіялаў ва ўсіх краінах, у тым ліку і ў краінах Эўрапейскага зьвязу І, як зазначаюць назіральнікі, цесна працуе з расейскай і Італьянскай мафіямі. Загінулых у Дуўры імігрантаў перавозілі агенты "Зьмяінай Галавы"…

Дзеля перавозкі нелегальных кітайскіх імігрантаў існуе некалькі распрацаваных шляхоў. Адзін зь іх ідзе па транс-Сібірскай магістралі ў Расеі. І пачынаецца на Далёкім Усходзе пры перасячэньні мяжы недалёка ад Благавешчынску альбо у Сібіры, каля возера Байкал.

Потым чыгункаю кітайцы дабіраюцца да Масквы. Нядаўна расейскія ўлады ў Маскве ўвялі жорсткую праверку ўсіх цягнікоў, што прыходзяць са згаданых рэгіёнаў. У такіх умовах перавозчыкі прымушаюць нелегалаў выскокваць з вагонаў недалёка ад Масквы проста па хадзе цягніка.

У Маскве нелегалам робяць фальшывыя дакумэнты ды забясьпечваюць далейшы пераход межаў у Эўропу. У большасьці выпадкаў мяжа выбіраецца беларуска- польская. У Беларусі, у прыватнасьці, асядаюць сотні нелегальных імігрантаў у чаканьні часу і патрэбнага кантэйнеру дзеля нелегальнага перасячэньня мяжы… Затрымліваюцца і тыя, у каго скончыліся грошы, і яны ужо не могуць плаціць за далейшую перепраўку.

Другі распаўсюджаны шлях кантрабанды людзей ляжыць праз Казахстан і Кыргызстан ва Ўкраіну ды у Малдову. У сярэднім праз краіны былога Савецкага Саюзу такім чынам праязджаюць штогод калі 200-т тысячаў нелегальных уцекачоў зь Кітаю.

Гэты шлях лічыцца самым небясьпечным і дарагім. Праход у Эўропу тут каштуе да 25 тысячаў даляраў на аднаго чалавека. Вядома, што уцекачы ўсе грошы адразу не выплочваюць сваім так званым агентам. Асноўную суму яны адпрацоўваюць ужо потым, патрапіўшы ў Нямеччыну, Італію, Францыю ці Вялікую Брытанію.

Толькі ў Італіі існуюць каля трохсот кітайскіх рэстаранаў, больш чым 40 пральняў і больш за 50-т швейных фабрыкаў, уладальнікі якіх зарабляюць грошы, скарыстоўваючы рабскую працу нелегальных імігрантаў.

Нйбольш просты шлях для нелегальных імігрантаў ідзе праз Сэрбію. Зь мінулага году існуюць прамыя авіярэйсы зь Пекіну у Белград. Потым з Сэрбіі ужо кантрабандным шляхам уцекачы патрапляюць у Венгрыю, Італію, адтуль у іншыя краіны.

Вялікая Брытанія і Нямеччына лічацца самымі лепшымі для палітычнай эміграцыі з прычыны даволі ляяльнага эміграцыйнага заканадаўства. Нелегальным уцекачам, каму удаецца даказаць, што яны пакінулі Кітай, таму што іх там пересьледавалі улады, у Эўрапейскіх краінах даюць палітычны прытулак. І яны пачынаюць ужо сваё новае, легальнае, жыцьцё ў эміграцыі.

Амаль падобнае ж атрымліваецца зь імігрантамі усіх нацыянальнасьцяў. Беларусы, якія патрапляюць у іншыя краіны сьвету, амаль усюды таксама працуюць напачатку нелегальна. У Злучаных Штатах Амэрыкі права на працу даецца палітычным уцекачам праз 5 месяцаў пасьля праходжаньня інтервію ў іміграцыйный службе. Да гэтага інтэрвію праходзіць яшчэ тры месяцы.Так што, патрапіушы нават легальна, маючы візу, амаль усе імігранты першы час мусяць працаваць нелегальна.

XS
SM
MD
LG