Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На Гарадзеншчыне да апошніх дзён працягваецца перасейваньне зьнішчаных замаразкамі палеткаў. На сёньняшні дзень перасеена 54.000 гектараў, зьнішчана было на 20.000 болей. У шасьці раёнах загінула да паловы ўсіх азімых…

Агулам зьнішчаных і пашкоджаных палеткаў 154.000 гектараў, гэта больш за чвэрць ад ўсяе яе плошчы. Ніхто ня можа дакладна сказаць, колькі каштавала паўторнае перасяваньне. Становішча ў сельскай гаспадарцы ў вобласьці ўвогуле вельмі напружанае.

Ад пачатку месяца ад кожнай каровы атрымана на кіляграм малака меней, чым ўлетась, а з кармамі па ранейшаму цяжка. Зь першага укосу атрымалі толькі 14% ад гадавой патрэбы. Паводле сьведчаньня спэцыялістаў, азімыя сасьпеюць на месяц раней, увогуле жніво распачнецца як мінімум на два тыдні раней ад звычайнага, а камбайнаў адрамантавана толькі 23, хаця рамантуюць іх з восені.

У некаторых раёнах улады абвяшчаюць ледзьве не надзвычайнае становішча. Ў Іўеўскім афіцыйны працоўны дзень ў калгасах зацьверджаны ад 6 раніцы да 22 вечара. Ва ўсіх прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Іўя атрымана распараджэньне райвыканкаму: кожны працаўнік павінен нарыхтаваць па 500 кіляграмаў кармоў для калгаснай жывёлы, ў калгасах норма на чалавека падвоеная - па тоне кармоў.

Нормы гэтыя павінны быць выкананыя да першага ліпеня, улады далі каманду закупіць для раёна ўтрохдзённы тэрмін 500 кос і столькі ж мянташак, і яшчэ 200 грабляў, пры гэтым усе кіраўнікі асабіста папярэджаны, што на пэрыяд нарыхтоўкі кармоў ім забаронена пакідаць тэрыторыю раёну без дазволу старшыні райвыканкаму Дуніча.

І людзі мусяць працаваць, ёсьць факты, калі на камбайны сядалі пэнсыянэры, між іншым ў трыццатай часцы калгасаў своечасова не выплочваюцца заробкі, людзі жывуць бедна. На Чэрвеньскай сэсіі Ваўкавыскага раённага савету дэпутатаў былі названыя наступныя факты: ў вёсцы Цярэшкі гэтага раёну за цэлы месяц красавік было куплена ў краме па тры буханы хлеба на жыхара і ўсяго адзін кіляграм масла, таксама адзін кіляграм каўбасы на ўсіх, а ў вёсцы 81 жыхар. На дзень атрымліваецца па 100 грамаў на чалавека. Праўда ў дзьвух іншых вёсках жыхарам дазваляецца па чатыры буханы – на адзін больш.

XS
SM
MD
LG