Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Незалежны прафсаюз гарнякоў вытворчага аб'яднаньня "Беларуськалій" правёў пазачарговую Раду прадстаўнікоў. Шахтэры ўстрывожыліся дырэктываю ўраду, паводле якой яны павінны дзеля ратаваньня сельскае гаспадаркі прадаваць сваю прадукцыю калгасам у дзесяць разоў таньней за ейны сабекошт.

Старшыня прафсаюзу Мікола Новік назваў небясьпечнай тэндэнцыяй імкненьне ўраду ратаваць нерэфармаваную калгасна-саўгасную вёску за кошт сьціплых матэрыяльных здабыткаў калектыву "Беларуськалія". Паводле апошніх саўмінаўскіх дырэктываў, салігорцы павінны прадаць вёсцы больш як 16 тысячаў тонаў азотных, 32 тысячы фосфарных і 147 тысячаў калійных угнаеньняў па 5 даляраў за тону ў валютным эквіваленце. Гэта азначае – аддаць амаль бясплатна. Бо сабекошт здабычы 1000 кіляграмаў угнаеньняў сёньня ў дзевяць-дзесяць разоў вышэйшы.

Асабліва абураўся інжынэр Юры Дунаеў, які ў прафсаюзе ачаляе тэхнічную інспэкцыю. Ён падлічыў, што за год вось такая прымусова-дабрачынная пастаўка прадукцыі дасягае 10 адсоткаў ад усяго аб'ёму рэалізаваных на беларускім рынку ўгнаеньняў. Гэта страчаныя сотні тысячаў даляраў, ня купленая за мяжою новая тэхніка. Што асабліва трывожна, калі ўлічыць, што тэхнічная зношанасьць падземнага абсталяваньня складае 70 адсоткаў.

Рада прадстаўнікоў НПГ вырашыла ў ліпені ў знак пратэсту супраць урадавай эканамічнай палітыкі ў адносінах да "Беларуськалія" правесьці ў Салігорску шэсьце з наступным мітынгам.

XS
SM
MD
LG