Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Гутарыў Сяргей Навумчык

Візыт парлямэнцкай дэлегацыі АБСЭ ў Менску, які распачаўся 19-га чэрвеня, кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску амбасадар Вік назваў яшчэ адной спробай узьдзейнічаць на беларускія ўлады. Ці ўдалай будзе гэтая спроба?

Сёньня раніцай сябры "тройкі" сутыкнуліся з незаплянаванай паўзай. Прызначаная на 10 гадзінаў сустрэча зь кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхаілам Мясьніковічам была перанесеная на чацьвер – апошні дзень візыту.

Абвестка пра адмену сустрэчы была зробленая ў апошні момант. І эўрапейскія пасланцы не змаглі гэтую "дзірку" запоўніць іншай сустрэчай. Адрыян Севярын, Ян Віерсма і асобы, якія іх суправаджаюць, змушаныя былі бавіць час за кавай і размовай у офісе КНГ АБСЭ.

Учора не адбылася і сустрэча з прэм'ерам – Ярмошыным. Яна таксама перанесеная на апошні дзень візыту – чацьвер. На думку намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Генадзя Цярэні такія адтэрміноўкі паказваюць, як беларускія ўлады ставяцца да гэтага візыту. На словах яны – за кантакты зь міжнароднымі ўплывовымі арганізацыямі. На справе – іхныя паводзіны паводле міжнародных стандартаў цяжка назваць прыстойнымі.

Спадар Цярэня лічыць, што, калі сустрэчы зь Ярмошыным і Цярэням адбудуцца, мала што дадуць "тройцы". Прадстаўнікі міжнародных структураў, якія раней наведвалі Менск, у тым ліку й спадары Севярын і Віерсма.

Між тым сёньня пад час абеду ў гонар Міхаіла Чыгіра і яго жонкі спадар Вік сказаў, што чарговы візыт у Менск – яшчэ адна спроба ўзьдзейнічаць на афіцыйны Менск. У тым ліку і на паводзіны беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека.

"Мне, як юрысту з адукацыі, цяжка зразумець, як палітычных дзеячаў, якімі зьяўляюцца спадары Статкевіч і Шчукін, за ўдзел у палітычных акцыях судзяць па крымінальным заканадаўстве," – заявіў Вік. Далей амбасадар Вік паведаміў, што гэтая акалічнасьць будзе адной з галоўных у дыскусіях "тройкі" зь беларускімі ўладамі.

Галоўным пунктам работы сёньняшняга дня працы міжнародных чыноўнікаў стала іх сустрэча з прадстаўнікамі КНГ АБСЭ ў Менску і прэзыдыюмам ВС Беларусі.

Уладзімір Глод, Менск

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, Уладзімір, гэтыя адкладаньні сустрэчы і зь Ярмошыным, зь Мясьніковічам… Як яны могуць паўплываць на настрой удзельнікаў гэтай парляманцкай дэлегацыі?"

(Глод: ) "Я думаю, яны могуць паўплываць на настрой парляманцкай дэлегацыі ў кепскім сэнсе. Мне здаецца, любому чалавеку, які дапаўляецца пра сустрэчу, калі яму паведамляюць у самы апошні момант, што сустрэча не адбудзецца альбо пераносіцца, ён адчувае сябе няёмка. Калі яшчэ ўчора на конт Ярмошына, дык хоць своечасова папярэдзілі. А сёньня атрымалася канфузная сытуацыя, калі паведамілі літаральна за 40-45 хвілінаў да сустрэчы і прадстаўнікі арганізацыі мусілі запоўніць дзьве гадзіны гаворкамі паміж сабой. Тут ёсьць яшчэ адна думка, што, магчыма, гэтыя сустрэчы пераносяцца невыпадкова на апошні дзень, таму што будзе сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў у Маскве. Магчыма, там будзе нейкая размова ў Лукашэнкі з Пуціным на конт беларускага пытаньня".

(Карэспандэнт: ) "Гэта ня першы выпадак, калі ўлады такім чынам паказваюць сваё стаўленьне да прадстаўнікоў эўрапейскай супольнасьці, да прадстаўнікоў, якія маюць даволі вялікія паўнамоцтвы. Скажыце, Вы часта зь імі сустракаецеся, гутарыце. Чыста псыхалягічна. Ці сапраўды эўрапейскія пасланцы мяркуюць, што з гэтай уладай можна пра нешта дамовіцца?"

(Глод: ) "Калі былі першыя сустрэчы, і журналісты задавалі пытаньні, скажам так, адкрытым тэкстам: ці ёсьць у вас думка, што зь беларускімі ўладамі можна дамовіцца, тады быў адказ: як нельга, калі гэта гаворыць прэзыдэнт краіны. Гэта было пад час першага, другога візытаў "тройкі". Зараз, калі яны шосты ці сёмы раз у Менску, такога настрою няма. Але я хачу сказаць яшчэ пра адну рэч, якую трэба ўлічваць: 8-га ліпеня будзе абірацца старшыня Парляманцкай Асамблеі АБСЭ. Адрыян Севярын добра разумее: калі ён зрушыць беларускае пытаньне, гэта шанец стаць старшынём. Севярын у Менску ўвесь час пра гэта памятае. Таму ён і прымае такія ўдары лёсу, ці нават па твары. Мне здаецца, ён хоча дакласьці пад час выбараў старшыні ПА АБСЭ як кіраўнік групы ў справе Беларусі, што ён нешта зрабіў добрае. Гэта добры шанец абрацца старшынём".

XS
SM
MD
LG