Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Камэнтар высновы са справаздачы ААН сябра-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, дырэктара Беларускага інстытуту радыяцыйнае бясьпекі "Белрад" Васіля Несьцярэнку…

З навуковага пункту гледжаньня даклад ААН'аўскіх экспэртаў неаб'ектыўны й непісьменны, – лічыць прафэсар Васіль Несьцярэнка. – Аўтары даклада як быццам не разумеюць, што апрача вонкавага апраменьваньня, у чарнобыльскай зоне людзі атрымліваюць і ўнутранае радыеактыўнае забруджваньне – праз харчовыя прадукты – прычым да 80–90 адсоткаў ад атрыманае дозы.

Гаворыць Васіль Несьцярэнка:

"Такое ўражаньне, што яны цалкам ня ўлічваюць інфармацыю зь Беларусі. Яны кажуць, што зафіксавана 1800 выпадкаў раку шчытападобнае залозы ў дзяцей. Але гэта няпраўда, бо толькі ў Беларусі, паводле зьвестак акадэміка Дзямідчыка, праапэравана 2100 дзяцей", – адзначыў Васіль Несьцярэнка.

Дадзеныя ААН'аўскіх навукоўцаў пераважна грунтуюцца на наступствах бамбаваньня Хірасімы й Нагасакі, дзе абсьледавана 86 тысячаў чалавек, але паводле абсьледваньняў толькі у трох раёнах не самае забруджанае Берасьцейскае вобласьці, у 27 тысячаў дзяцей выяўленая паталёгія шчытападобнае залозы, у 23-х адсоткаў абсьледаваных дзяцей – парок сэрца, у 22-х адсоткаў – паталёгія страўніка-кішэчнага тракту.

Інстытут "Белрад" доўгі час вядзе ўласнае дасьледаваньне назапашваньняў радыяцыі ў арганізмах людзей, што жывуць у чарнобыльскай зоне, і перш за ўсё дзяцей. Калі "да Чарнобыля" 80 адсоткаў дзяцей былі здаровымі, дык цяпер у трох забруджаных раёнах Берасьцейскае вобласьці – Пінскім, Столініскім, Лунінецкім – выяўлена толькі 13 адсоткаў здаровых дзяцей. Упала сярэдняя працягласьць жыцьця мужчынаў на Гомельшчыне зь 72-х да 58-мі гадоў, і гэта зьвязана ў тым ліку з чарнобыльскімі наступствамі, паколькі мужчыны назапашваюць значна больш радыянуклідаў.

Васіль Несьцярэнка спасылаўся на толькі што апублікаваную працу вядомага мэдыка Юрыя Бандажэўскага "Мэдыка-біялягічныя эфэкты інкарпаванага ў арганізм радыяцэзія".

Бандажэўскі робіць выснову, што калі ў арганізьме дзіцяці назапашваецца больш за 50 бекэрэляў на 1 кг (а гэта толькі 0,2 мілізівэрта, пачынаюцца паталёгіі жыцьцёва важных ворганаў і сыстэмаў – з-за нераўнамернасьці назапашваньня радыяцыі ў розных ворганах. Да радыяцыі вельмі адчувальныя сэрца, ныркі, страўнік, вочы. У чарнобыльскай зоне выяўлена шмат дзяцей з хваробамі нырак, з цукровым дыябэтам, фіксуецца нават страта імунітэту, што Несьцярэнка называе "ядравым СНІДам". У Чарнобыльскай зоне ў сем разоў павялічылася колькасьць парокаў разьвіцьця цяжарнасьці. Гэта ўсё трэба кваліфікавана суаднесьці з колькасьцю назапашваньняў радыенуклідаў.

І Васіль Несьцярэнка прапануе замежным навукоўцам сумесна папрацаваць над гэтым. Ён гаворыць:

"Было б правільна, каб для вывучэньня эфэкту атамнае радыяцыі былі створаныя міжнародныя калектывы, і я, як дырэктар інстытуту, запрашаю сюды прыехаць мэдыкаў са сваёй апаратураю. А ў нас ёсьць магчымасьць вызначыць, якія назапашваньні радыяцыі маюць тут людзі", – зазначыў дырэктар Інстытуту радыяцыйнае бясьпекі Васіль Несьцярэнка.

Чаму даецца такая інфарамцыя ад імя ААН'аўскага камітэту? Васіль Несьцярэнка лічыць гэта вынікам палітыкі магутнага атамнага лёбі. І перш за ўсё МАГАТЭ. Гаворыць прафэсар Несьцярэнка:

"Я думаю, што сёньня ўсе намаганьні гэтай арганізацыі накіраваныя на тое, каб праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі ды Ўкраіне, схаваць. Я іншае прычыны – чаму даецца такая няпраўда й неаб'ектыўная інфармацыя – акрамя як магутнай працы атамнага лёбі, ня бачу", – гэта быў прафэсар Васіль Несьцярэнка.

XS
SM
MD
LG