Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Каб атрымліваць мэдычную дапамогу жыхары заражанай радыяцыяй вёскі Палесьсе Чачэрскага раёну вымушаныя зьбіраць грошы.

Грошы гэтыя жыхары вёскі Палесьсе зьбіраюць на рамонт стаматалягічнага і працэдурнага кабінэтаў сваёй мясцовай мэдычнай амбуляторыі. Згаданыя кабінэты зачыніла раённая санітарная служба, палічыўшы, што тут аказваць мэдычную дапамогу па санітарных умовах надзвычай небясьпечна. Больш таго, галоўны санітарны лекар раёну спадар Смольскі наклаў штраф у памеры 13.000 рублёў на лекара амбуляторыі Савелія Саловіча за тое, што ён рабіў у амбуляторыі ін'екцыі цяжкахвораму мясцоваму пэнсіянэру Івану Болсану. Апошні, пакутуе вострай сардэчнай недастатковасьцю і без мэдычнай дапамогі проста ня выжыве.

І такіх нямоглых людзей сярод амаль 2000 жыхароў Палесься і навакольных забражаных радыяцыяй вёсак шмат. Разважлівыя вяскоўцы палічылі, што кошт за паездку ў бальніцу ў Чачэрск да якога 45 км., занадта дарагі занятак. Больш таго ў бальніцы можна прасядзець дзень і да лекара не патрапіць, асабліва да стаматоляга. Таму многія вяскоўцы пагадзіліся на прапанову сельскага савета здаць па 1.000 рублёў на рамонт сваёй амбуляторыі. Сродкі зьбіраюць і калгасныя спэцыялісты і сельсаветчыкі. Старшыня савету Аляксей Мельнікаў паведаміў, што непасрэдна ўжо ў сельскі савет 36 вяскоўцаў прынесьлі па 1.000 рублёў, усяго ж сабрана каля 100.000.

Аднак амбуляторыя ў вёсцы Палесьсе не адзіная мэдычная ўстанова, якая знаходзіцца ў гаротным стане, патрабуе рамонту дах паліклінікі ў самым Чачэрску, бальніцы ў Нароўлі, сельская лякарня ў Галоўчыцах таго ж Нараўлянскага району ды шмат якія іншыя. Паводле інфармацыі намесьніка начальніка абласной управы аховы здароў'я Рыгора Гошкі на неадкладны рамонт мэдычных устаноў сёлета патрабавалася ў вобласьці як мінімум 308 млн. рублёў. Выдаткаваныя зь бюджэту толькі 141 млн. – менш паловы, не адпушчана ні капейкі на падтрыманьне мэдычных устаноў ў належным стане нават раёнам з жорсткім радыяцыйным кантролем. Таму ж Нараўлянскаму і яшчэ Брагінскаму, Лельчыцкаму, Ельскаму, Добрускаму. Да таго ж ў вобласьці бракуе зараз звыш 650 лекараў.

XS
SM
MD
LG