Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

14 чэрвеня чарговы расейскі губэрнатар прыбыў зь візытам у Менск – гэтым разам кіраўнік выканаўчае ўлады Маскоўскае вобласьці Барыс Громаў. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і першым віцэ-прэм'ерам Кабяковым, падпісаў пагадненьне пра супрацоўніцтва, а таксама мае намер пабываць на Гарадзеншчыне. Што прыцягвае Менск і расейскія губэрні, і як будзе разьвівацца гэтае ўзаемадзеяньне ў пэрспэктыве?

Актыўнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расеі прапанавала менавіта афіцыйная беларуская ўлада на падставе таго, што Расея па-ранейшаму застаецца асноўным гандлёвым партнэрам, а супрацоўніцтва Беларусі з эўрапейскім краінамі каторы год перажывае крызыс. У Міністэрстве замежных справаў была створана асобная ўправа працы з рэгіёнамі Расеі, створаныя аддзелы беларускай амбасады ў асобных расейскіх гарадох. Амаль з кожнай расейскай аўтаноміяй ці вобласьцю былі падпісаныя дамовы пра наўпроставае супрацоўніцтва.

Гэткая палітыка была выкліканая тым, што раней у Расеі рэальная ўлада належала губэрням і губэрнатарам, якія былі самастойныя ў прыняцьці многіх рашэньняў. Але цяпер, пры новым прэзыдэнце Ўладзімеры Пуціне, у Расеі будуецца новая вэртыкаль улады, і ўсходняя палітыка беларускага ўраду, відавочна, павінна будзе прыстасоўвацца да гэтага. Вось як мяркуе незалежны менскі палітоляг Юры Шаўцоў:

(Шаўцоў: ) "Сёньня сытуацыя, відочна, будзе мяняцца. Невядома, на які час, але тая канцэнтрацыя ўлады, якую спрабуе зьдзейсьніць Пуцін, яна, напэўна, паменшыць вагу рэгіёнаў. Таму, напэўна, значэньне кантактаў паміж Менскам і расейскімі рэгіёнамі будзе падаць. Ці будзе замяняцца на простыя кантакты паміж Беларусьсю і тымі буйнымі акругамі, якія стварыў Пуцін".

Падводзячы вынік шматгадовае працы афіцыйнага Менску з расейскімі рэгіёнамі, можна прызнаць, што гэтыя кантакты так і засталіся пераважна эканамічнымі, не пераросшы ў палітычную плашчыну. Пяць беларускіх абласьцей, напрыклад, уваходзяць у асацыяцыю "Цэнтральная Расея", але гэта не вылілася ў нейкія рэальныя крокі ў справе супольнага ідэялягічнага ці іншага ціску на Маскву расейскага "чырвонага пасу" ды беларускіх абласьцей.

На ўспрыняцьце грамадзтвам лукашэнкавае палітыкі безпасярэдніх кантактаў з расейскімі рэгіёнамі, дзе ён часта ня толькі падпісваў эканамічныя дамовы, але й рабіў гучныя палітычныя заявы, накладвалася ўяўленьне, што гэтым самым Лукашэнка прабівае сабе дарогу на расейскі трон. Юры Шаўцоў лічыць гэта палітычным мітам. Так ці йнакш, у сёньняшніх варунках гэта сапраўды ўжо выглядае як міт, і пазбаўляе стасункі Беларусі з рэгіёнамі Расеі нейкага значнага палітычнага падтэксту.

Такім чынам, новыя візыты расейскіх губэрнатараў – гэта ўсяго толькі інэрцыя ранейшае палітыкі, якая, верагодна, будзе пераглядацца й мяняцца. Магчыма, афіцыйны Менск пачне неўзабаве ўсталёўваць новыя сувязі ўжо зь сямю пуцінскімі фэдэральнымі акругамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG