Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 чэрвеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі Пінск

На Берасьцейшчыне Луніненцкі, Пінскі ды Столінскі раёны найбольш забруджаныя радыёнуклідамі. У той жа час гэтыя мясьціны называюць трускалкава-агурэчным краем. Ці заўсёды правяраецца гэтая прадукцыя на ўзровень забруджанасьці радыёнуклідамі? Якія вынікі гэтых праверак?

У сэзон лунінецкія трускалкі ды пінскія агуркі можна сустрэць амаль на кожным кірмашы Беларусі, а таксама ў суседніх краінах. Тысячы палешукоў за прыкладна два месяцы сэзону імкнуцца прадаць вынікі сваёй працы, каб нешта набыць ды працянуць на гэтыя грошы да канца наступнага ўраджаю.

Пасьля чарнобыльскай ката-строфы, у выніку якой на Берасьцейшчыне найбольш пацярпелі трускалкава-агурэчныя раёны, нічога не зьмянілася, вырошчваць менш ня сталі. Але быў уведзены абавязковы радыялягічны кантроль. Перад тым, як атрымаць дазвол на гандаль, на ўсіх кірмашах прадукцыя мусіць прайсьці ў тым ліку й праз радыялягічную экспэртызу. Аднак, як нам паведамілі ў лябараторыі пінскага кірмашу, сёлета не было ніводнага выпадку, каб колькасьць радыёнуклідаў у трускалках і агурках перавысіла дапушчальныя нормы.

Такая ж сытуацыя і на кірмашах у Лунінцы ды Століне. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў гарадзкіх эпідэміялягічных станцыях у Пінску, Лунінцы, Століне. У размове з нашым карэспандэнтам спадар Сідарэвіч, старшыня Пінскага раённага таварыства спажыўцоў, якое, у прыватнасьці, займаецца скупкай трускалак у насельніцтва, нават не спрабаваў узгадаць, калі апошні раз у іх знаходзілі радыяцыю. І калі адносна агуркоў, якія вырошчваюцца ў цяпліцах, гэтая інфармацыя яшчэ вартая даверу, дык тое, што трускалкі з забруджаных тэрыторыяў зусім чыстыя, выклікае сур'ёзны недавер.

Прыкладам, у найбольш забруджаных вёсках на Лунінеччыне Вулька-2 і Добрая Воля, жыхары якіх маюць права на адсяленьне, вырошчваюць шмат трускалак. І ўсе яны, паводле афіцыйнай інфармацыі, чыстыя. У той час, калі шмат іншых сельгаспрадуктаў гэтай жа тэрыторыі забруджаныя.

Гэтаксама і ў Давыд-Гарадку, і ў вёсцы Альманы, што на Століншчыне, ды ў Невелі і Міхавічах на Піншчыне. Зрэшты, на кірмашах прадаецца вельмі малая частка ўраджаю трускавак і агуркоў. Агуркі сяляне ў асноўным здаюць перакупшчыкам, якія пастаянна скупаюць іх проста ў вёсках. Зразумела, што ў часе скупкі ніякага радыяцыйнага кантролю няма.

Што да трускалак, дык, акрамя перакупшчыкаў, вельмі шмат ягад прадаецца ўздоўж шашы Берасьце – Гомель на ўчастку Пінск-Мікашэвічы, дзе землі значна забруджаныя. Там сяляне прадаюць трускалкі адразу з поля, і пра радыяцыйны кантроль ня можа быць і гаворкі.

Варта адзначыць, што жыхары нашай вобласьці ўсё ж маюць шанец паесьці чыстых трускалак. У суседняй Польшчы гэтыя ягады ў два-тры разы танейшыя за беларускія. І чаўнакі ўжо зарганізавалі дастаўку ды продаж польскіх трускалак на Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG