Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

13 чэрвеня Рада Беларускага Гэльсынскага камітэту прыняла рашэньне пра няўдзел у выбарчых камісіях ды ў іншых аспэктах кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў, пакідаючы за сабою толькі права назіраць за выкананьнем правоў чалавека ў часе гэтага працэсу.

Паседжаньне рады Беларускага Гэльсынскага камітэту было закрытым, але нам удалося даведацца, што спрэчкі былі вельмі вострыя. Пад час дыскусіі, у прыватнасьці, старшыня БГК Тацяна Процька падала заяву пра адстаўку.

Канфліктная сытуацыя ўзьнікла яшчэ на паседжаньні рады БГК у мінулую пятніцу, калі быў агучаны адкрыты ліст ад імя чатырнаццаці аўтарытэтных сяброў Гэльсынскага камітэту, у тым ліку Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Юрыя Хадыкі ды іншых. У гэтым лісьце быў выказаны недавер старшыні БГК Тацяне Процьке, і заяўлена, што да ейнае адстаўкі названыя сябры БГК прыпыняюць сваё сяброўства ў камітэце.

Аднак на новае паседжаньне рады БГК у аўторак частка зь іх ўсё ж прыйшла. Сярод іх – Барыс Звозкаў, які й патлумачыў "Радыё Свабода" сутнасьць прэтэнзіяў да Тацяны Процькі:

"Сутнасьць прэтэнзіяў у тым, што хтосьці ўзмоцнена спрабуе ўцягнуць Беларускі Гэльсынскі Камітэт у палітычную дзейнасьць, чаму мы ўзмоцнена пярэчым, бо ў нас надта шмат іншых клопатаў у праваабарончай дзейнасьці, мы павінны займацца імі, а палітыка – гэта ня нашае поле, мы там гуляць не павінны.

Уцягвалі нас у лік ініцыятараў "дыялёгу", супраць чаго мы доўга выступалі, і ўрэшце ў гэтым "дыялёгу" ўдзелу ня бралі. Для нас непрымальны таксама ўдзел у выбарчай кампаніі. І я мяркую, што пэўныя высновы будуць зробленыя – БГК ня будзе гуляць на палітычным полі", – гэта быў актывіст БГК Барыс Звозкаў.

У выніку вострае дыскусіі на радзе Гэльсынскага камітэту было прынятае рашэньне пра тое, што гэтая арганізацыя ня будзе ўдзельнічаць у вылучэньні як кандыдатаў у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", гэтак і сяброў выбарчых камісіяў, БГК ня будзе падтрымліваць тых або іншых кандыдытаў у дэпутаты, і тым самым легітымізаваць гэтыя выбары як такія.

Вось як ацаніла сытуацыю ў арганізацыі старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька:

(Процька: ) "Расколу ў БГК пакуль што не было. У кожнай арганізацыі да кожнага кіраўніка могуць быць прэтэнзіі і з боку сярэдніх кіраўнічых структураў, і з боку простых сяброў. І тое, што адбылося – нармальная зьява, якая сьведчыць пра тое, што БГК існуе, што гэта арганізацыя сур'ёзная, што людзі адказна ставяцца да ўсяго таго, што адбываецца ад імя Камітэту. І мяне гэта радуе – каб ня тая форма, у якой гэта было зроблена. Тут у мяне ёсьць свае прэтэнзіі, але я не хачу, каб мае асабістыя крыўды былі прадметам грамадзкага абмеркаваньня і смакаваньня. Я ўсім кажу: "Гэльсынскі камітэт ёсьць, арганізацыя будзе ўмацоўвацца, і калі нехта чакае палёгкі ў асьвятленьні сытуацыі з правамі чалавека – не дачакаецеся".

Рада Беларускага Гэльсынскага камітэту адмовілася разглядаць заяву пра адстаўку старшыні арганізацыі Тацяны Процькі, паколькі паводле статута гэта належыць да кампэтэнцыі сходу БГК. Пытаньне перанесена на пазачарговы сход, які заплянаваны на 16 верасьня. Тады ж будзе разглядацца й праблема стратэгіі арганізацыі ў сёньняшніх умовах.

Такім чынам, можна лічыць, што часткова сытуацыя на мяжы расколу, якая ўзьнікла ў буйнейшай праваабарончай арганізацыі, пераадолена.

XS
SM
MD
LG