Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 2000 г.


Мікола Іваноў

Газэта The Wall Street Journal Europe апублікавала на сваіх старонках артыкул, у якім выказваецца даволі цікавая думка ў справе адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі ў Заходняй Эўропе. Зь перакладам – Мікола Іваноў:

"Кантынэнт, які дазваляе амаль неабмежаванае распаўсюджваньне парнаграфіі, рыхтуецца забараніць сэксуальныя дамаганьні на працоўных месцах", – так пачынаецца артыкул у газэце The Wall Street Journal Europe.

Далей у гэтым артыкуле гаворыцца, што Ганна Д'ямантопулу, сябра Эўракамісіі ў справах працаўладкаваньня і сацыяльнай палітыкі, прапанавала новае заканадаўства, якое б забараняла сэксуальныя дамаганьні на месцы працы. Калі прапанова спадарыні Д'ямантополу будзе прынятая, будзе скасаваны стары, 1976 году, закон ЭЗ, які гарантуе роўныя правы жанчынам, якія працуюць.

Д'ямантопулу дзейнічае такім чынам, як быццам бы стары закон не існуе зусім, – сьцвярджаецца ў камэнтары The Wall Street Journal Europe. На прэсавай канфэрэнцыі яна заявіла журналістам: "Юрыспрудэнцыя толькі нямногіх краінаў змагла вырашыць праблему сэксуальных дамаганьняў. Толькі ў францускім і бэльгійскім заканадаўствах ёсьць словы "сэксуальныя дамаганьні" у адпаведных законах, якія забараняюць дрэнныя адносіны да грамадзянаў гэтых краінаў жаночага полу. Іншыя эўрапейскія краіны, сябры ЭЗ, забараняюць парушэньне правоў сваіх жанчынаў, але выкарыстоўваюць дзеля гэтага іншыя словы. У Вялікай Брытаніі, напрыклад, існуе Закон аб сэксуальнай дыскрымінацыі. Нямеччына ж прадугледжвае крымінальную адказнасьць для тых, хто перасьледуе жанчынаў, у сваім працоўным заканадаўстве. Толькі Грэцыя – бацькаўшчына спадарыні сябры Эўракамісіі, і Партугалія не прадугледжваюць ніякай адказнасьці за дрэнныя адносіны да працуючых жанчынаў.

Распрацаванае новае заканадаўства прапануе Эўропе нешта зусім новае – пэрспэктыву падобных да амэрыканскіх судовых працэсаў. За акіянам колькасьць судовых працэсаў у справе сэксуальных дамаганьняў узрасла амаль неверагодна за апошнія 20 год, тое самае здарылася і з памерамі фінансавых кампэнсацыяў – дзіўны гэта імпартны тавар.

Ня так цяжка знайсьці кабету, якая пакутвала ад сэксуальных дамаганьняў, але куды цяжэй знайсьці такога чалавека, які разумеў бы, што гэта такое. У дакладзе сябры Эўракамісіі, спадарыні Д'ямантопулу гаворыцца, што адсутнасьць кансэнсусу ў справе, што такое "сэксуальныя дамаганьні" ускладняе пытаньне прыняцьця адпаведнага заканадаўства. У сярэднім прыблізна 35% кабетаў Эўропы зазналі сэксуальным дамаганьням. Горшая сытуацыя ў краінах Сяродземнамор'я. Амаль 60% жанчынаў Гішпаніі, Італіі і Грэцыі падвяргаліся сэксуальным дамаганьням.

Як піша на сваіх старонках The Wall Street Journal Europe, грэцкая сябра Эўракамісіі абвесьціла пачатак кампаніі стварэньня заканадаўства, якое б ставіла жанчынаў ў прывілеяванае становішча ў параўнаньні з мужчынамі такой самай кваліфікацыі. Яна таксама хоча, каб фэмінісцкая дзейнасьць знайшла сваё адлюстраваньне ў працы заканадаўчых ворганаў Эўрапейскага Зьвязу. Магчыма, яна таксама зьверне ўвагу на праблему лібэралізацыі законаў ЭЗ ў справе працаўладкаваньня, а гэта можа ўскладніць магчымасьць жанчынам-ахвярам сэксуальных дамаганьняў адпомсьціць сваім крыўдзільнікам з дапамогай пераходу на іншую працу, – іранічна падсумоўвае свой камэнтар The Wall Street Journal Europe.

XS
SM
MD
LG