Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала таксама вельмі непрыемную для заходніх краінаў, у прыватнасьці, для сілаў НАТО справаздачу. У ёй гаворыцца, што незалежна ад таго, ці сілы НАТО мелі законнае або юрыдычнае права праводзіць ваенную апэрацыю на Балканах ці ня мелі, у сьвятле міжнароднага гуманітарнага права яны парушылі правілы вядзеньня вайны.

Справаздача Amnesty International і абвінавачаньні ў ваенных злачынствах ў Югаславіі ў адрас сілаў НАТО выклікала бурную рэакцыю з боку заходніх урадаў і самога альянсу.

"Няма ніякіх падставаў для таго, каб Міжнародны Трыбунал расьсьледаваў дзеяньні НАТО ў часе косаўскага канфлікту. Хутчэй за ўсё трэба засяродзіць увагу на тых сур'ёзных парушэньнях міжнароднага права, якія дапусьцілі сілы Мілошавіча ў Косаве, Босьніі і Харватыі ў гадох 91-95", – заявіў прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Рыкэр.

З аналягічнымі заявамі выступілі: генэральны сакратар НАТО Робэртсан і ў часе ўчарашняй сустрэчы ў Брусэлі міністры абароны краінаў НАТО. Усе яны знайшлі саюзьніка ў асобе Галоўнага Пракурора Міжнароднага Трыбуналу Карлы дэль Понтэ і ахвоча спаслаліся на яе. Выступаючы ў Радзе Бясьпекі ААН дэль Понтэ заявіла, што цывільныя аб'екты і насельніцтва не былі аб'ектамі мэтанакіраваных атакаў сілаў НАТО. Паводле ейных слоў, трагічныя памылкі здараліся, але яны непазьбежныя і ня могуць быць прадметам расьсьледаваньня з боку Трыбуналу.

У чым жа сутнасьць справаздачы Amnesty International? З 24-га сакавіка па 10-га чэрвеня 99-га году авіяцыя НАТО правяла 38 тысяч баявых вылетаў супраць Югаславіі,– гворыцца ў справаздачы. Сілы альянсу нанесьлі амаль адзінаццаць тысяч паветраных удараў па аб'ктах у Косаве, Сэрбіі, Чарнагорыі і Ваяводзіне. Югаслаўскія ўлады заяўляюць, што ў часе апэрацыі НАТО загінула "некалькі тысяч цывільных жыхароў", і што матэрыяльныя страты склалі звыш ста мільярдаў даляраў. Згодна з 1-й папраўкай да Жэнэўскай Канвэнцыі з 49-га году, якой, дарэчы, не ратыфікавалі некаторыя сябры НАТО, Злучаныя Штаты, Францыя і Турцыя, у часе вайны нельга атакаваць цывільнае насельніцтва.

Amnesty International прызнае, што сілы НАТО нельга абвінавачваць у наўмысных атаках супраць цывільнага насельніцтва. Сьведама, мэтанакіравана і без усялякага разбору яны не атакавалі цывільныя аб'екты, але з другога боку, насуперак заявам НАТО аб "ледзь не хірургічнай дакладнасьці" удараў, траплялі ў іх.

Незалежныя крыніцы, на якія спасылаецца Amnesty International, лічаць, што у выніку сарака памылковых удараў усё ж загінулі 400-600 чалавек. У справаздачы пералічаныя гэтыя інцыдэнты і ахвяры гэтых памылак:

-12-га красавіка мінулага году НАТАўскія ракеты зьнішчылі мост у Грдэліцы, забіўшы пры гэтым 12 цывільных жыхароў,

-14-га красавіка недалёка ад Д'якавіцы і 13-га траўня ў Корышы ракеты саюзнай авіяцыі трапілі ў канвой з албанскімі ўцекачамі, забіўшы 120 чалавек,

-23-га красавіка ў выніку атакі на сядзібу сэрбскай тэлерадыёкампаніі загінулі 16 супрацоўнікаў кампаніі,

-30-га траўня ў выніку атакі на іншы мост у горадзе Ваоварын загінулі 11 чалавек.

Гэта толькі найбольш трагічныя, але далёка не ўсе выпадкі памылак з боку сілаў НАТО.

Amnesty International прызнае, што на працягу апошніх 10-ці гадоў, этнічныя Албанцы ў Косаве былі ахвярамі забойстваў, рэпрэсіяў і зьдзеку з боку югаслаўскіх сілаў. Сэрбскія сілы ў правінцыі працягвалі этнічныя чысткі, хаця і самі ня раз былі ахвярамі помсты з боку Албанцаў. Такія былі факты, і яны тлумачаць саму апэрацыю сілаў НАТО супраць Югаславіі. З другога боку, вялікая колькасьць атакаў на цывільныя аб'екты і шматлікія ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, гэта таксама факт, і гэта павінна быць прадметам расьсьледаваньня з боку Міжнароднага Суда, – лічыць Amnesty International.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG