Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня сэсія Наваградзкага раённага савету большасьцю галасоў не дала згоды на будаўніцтва ў горадзе школы з польскай мовай навучаньня.

Тры гады Саюз палякаў дамагаецца пабудовы ў Наваградку школы з польскай мовай навучаньня, але безвынікова. Упершыню пытаньне разглядалася на сэсіі раённага савету.

З абгрунтаваньнем імкненьня пабудаваць польскую школу выступіў старшыня Саюза палякаў Тадэвуш Гавін. Ён спаслаўся на заканадаўства аб праве нацыянальных меншасьцяў навучаць сваіх дзяцей на роднай мове. Выступілі кіраўнікі абласнога ўпраўленьня адукацыі Ўладзімер Гаўрон і раённага – Ала Буйвал. Пачалося вельмі актыўнае абмеркаваньне, якое працягвалася больш за паўтары гадзіны. Галоўны довад гучаў такі – у горадзе палякаў менш за 5 працэнтаў, існуюць тры польскія клясы, мова вывучаецца факультатыўна, патрэбы ў цэлай польскай школе няма.

Вынікі галасаваньня такія – 4 "за", 20 "супраць", тры дэпутаты ўстрымаліся. Тадэвуш Гавін дэманстратыўна паціснуў рукі тым дэпутатам, якія прагаласавалі за будаўніцтва польскай школы.

Старшыня раённага савету Сяргей Чубрык па тэлефоне пракамэнтаваў мне вынікі абмеркаваньня: "Ціску на дэпутатаў не было, кожны меў магчымасьць свабодна выказацца і атрымаць адказы на свае пытаньні, ніякіх парушэньняў пад час галасаваньня не было". Паводле словаў Тадэвуша Гавіна, калі пытаньне абмяркоўвалася ў камісіях, усе былі супраць школы, а на сэсіі некалькі чалавек усё ж падтрымалі гэтую ідэю. У Наваградку толькі два дэпутаты-палякі. Галасаваньне мела характар "люблю палякаў ці не", – сказаў мне Тадэвуш Гавін. "За" прагаласаваў, дарэчы, нават адзін беларус – камандзір вайсковай часткі.

Аднак, паводле словаў спадара Гавіна, пытаньне ня вырашанае, бо рашэньне было б законным, каб за яго прагаласаваў 21 дэпутат – аднаго голасу, такім чынам, не хапіла. На сёньняшні дзень, у вобласьці пабудаваныя дзьве школы з польскай мовай навучаньня – гарадзенская і ваўкавыская.

XS
SM
MD
LG