Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Алена Ціхановіч

Газэта The Wall Street Journal зьмяшчае паведамленьне пра адметныя высновы, да якіх прыйшлі навукоўцы Нацыянальнага інстытуту дасьледаваньняў у галіне аховы здароўя, што ў штаце Мэрылэнд, ЗША. Коратка гэтыя вынікі газэта характарызуе так: вы можаце сапраўды падзякаваць Богу за вашае здароўе.

Вывады амэрыканскіх навукоўцаў грунтавалася на абсьледаваньні 126 тысячаў людзей . Устаноўленая адметная сувязь паміж наведваньнем царквы і працягласьцю жыцьця. Вашыя шанцы жыць даўжэй на траціну большыя, калі вы па нядзелях не сьпіцё позна, а ідзяце ў царкву. Такім чынам, вера дае сапраўдныя выгоды. Тыя, хто пастаянна ходзіць у царкву, сынагогу ці мячэць, менш пакутуюць на хваробы сэрца, рак, менш падвержаныя дэпрэсіям і мэнтальным хваробам. Вернікі таксама маюць ніжэйшы крывяны ціск і больш моцную імунную сыстэму.

Як адзначае газэта, гэтае дасьледаваньне стала адным з самых маштабных з усіх праведзеных нацыянальным інстутутам. Дасьледаваньне ахоплівае ўражвальнае мноства фактараў – такіх як раса, узровень даходаў, адукацыі, месца працы, стан здароўя і сямейны статус, ужываньне алкаголю і цыгарэтаў – усе гэтыя фактары таксама ўлічваліся пры канчатковым заключэньні, што практыкуючыя вернікі, праўдападобна, будуць жыць даўжэй, чым няверуючыя суграмадзяне.

Але чаму вернікі жывуць даўжэй? Простай веры ў найвышэйшую сілу недастакова. Паводле дасьледаваньня, вернікі пачуваліся троху лепш, чым атэісты. Але каб гэта стала рэальным фактарам падаўжэньня жыцьця неабходна наведваць царкву кожны тыдзень. Зноў-такі – чаму?

Дасьледчыкі не адказваюць, аднак доктар Міхаэл Маккалох, кіраўнік групы навукоўцаў, мае сваё меркаваньне на гэты конт. Прычына ў тым, што рэлігія абдорвае чалавека больш сьціплым наборам выгод, якому ня так проста знайсьці адпаведнік у сьвеце мірскім: гэта кансэрватыўныя прынцыпы веры, якія заклікаюць да памяркоўнасьці і ўстрыманьня, сацыяльная структура, якая падтрымлівае ў верніках сыстэму гэтых каштоўнасьцяў, і, урэшце, моцная вера, якая дае верніку надзею перад абліччам сьмерці, або разводу, або доўгага беспрацоўя. Гэтыя навыкі даюць магчымасьць добраму верніку выстаяць, пазьбегнуць выбару рызыкоўнага рашэньня або стрэсу.

Раней людзі хадзілі ў царкву дзеля вечнага жыцьця, цяпер – дзеля даўжэйшага. Праведзенае дасьледаваньне прымушае задумацца над вартасьцю сьветаўспрыняцьця, якое дамінавала ў ХХ стагодзьдзі, і паводле якога традыцыі разбураліся новымі падыходамі. Цалкам верагодна, што гэта было куды больш памылковым, чым здавалася.

XS
SM
MD
LG