Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Мінулае сыботы ў Косаве паліцыя ААН разам з міратворцамі НАТА зачыніла рэдакцыю албанамоўнае газэты "Дзіта". Пра межы свабоды слова ў Косаве і Беларусі – камэнтар Юрыя Дракахруста.

Магчыма, даведаўшыся пра гэта, нейкі беларускі чыноўнік ці дзяржаўны прапагандыст скажа: "Бачыце, ня толькі мы газэты зачыняем ды цісьнем, а нават і "звышдэмакратычныя" натаўцы таксама. Бязьмежнай свабоды слова не бывае".

Бязьмежнай сапраўды не бывае, ўся праблема – менавіта ў гэтых межах.

Чаму зачынілі косаўскую газэту? Два месяцы таму гэтае выданьне абвінаваціла косаўскага сэрба Петара Тапольскага ў тым, што ён быў сябрам сэрбскіх паўваеных фармаваньняў, якія да ўваходжаньня ў Косава міратворцаў, дзейнічалі супраць косаўскіх албанцаў. Да апошняга часу Тапольскі працаваў перакладчыкам у місіі ААН. Артыкул з абвінавачаньнямі ў ягоны адрас утрымліваў падрабязныя дадзеныя пра яго самога, ягоную сям'ю, нават пра дакладны маршрут ягонага руху на працу. Менш чым праз два тыдні пасьля зьяўленьня артыкулу сэрбскі перакладчык быў забіты.

Толькі пасьля гэтага кіраўнік адміністрацыі ААН у Косаве Бернар Кушнер аддаў загад прыпыніць выхад выданьня. Ён палічыў, што артыкул мог стаць прычынаю забойства, выканаў ролю падбухторваньня да забойства. Дарэчы, газэта "Дзіта" не зачыненая, яе дзейнасьць толькі прыпыненая, сьмешна сказаць, на 8 дзень.

Параўнаўшы гэтую сытуацыю з беларускай, з апошнім валам папярэджаньняў, якія абрынуліся на "Белорусскую деловую газету", "Нашу ніву", магілеўскае "Дэ-факто", знаходзім безьліч адрозьненьняў.

Але галоўнае – гэта тое, што "Дзіта" была зачыненая за фактычны заклік да ўчыненьня гвалту, да забойства. Беларускія выданьні, нават самыя радыкальныя, ні да чаго такога не заклікаюць. Вось тут і палягае мяжа свабоды слова – яна сканчаецца толькі там, дзе слова выкарыстоўваецца дзеля закліку да гвалту.

Варта зьвярнуць увагу на яшчэ адну акалічнасьць: у Косаве дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. У Беларусі, нібыта, пакуль не. Ці ўжо дзейнічае?

XS
SM
MD
LG