Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Два надзвычайныя здарэньні адбыліся на берасьцейскім участку беларуска-украінскай мяжы. У абодвух выпадках беларускія памежнікі і мытнікі без узгадненьня са сваімі ўкраінскімі калегамі перасяклі дзяржаўную мяжу і пачалі страляць, знаходзячыся на тэрыторыі Ўкраіны. Зараз падрабязнасьці здарэньняз высьвятляюць у МЗС абедзьвюх краінаў.

Упершыню чуткі аб інцыдэнце ў Кобрынскім раёне на беларуска-украінскай мяжы зьявіліся адразу пасьля візыту ў Берасьце прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. Сьцьвярджалася, што 28 траўня беларускія памежнікі пачалі перасьлед аўтамабіля, кіроўца якога адмовіўся спыніцца на іх патрабаваньне каля вёскі Лелікава. Аўтамабіль рушыў у бок дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а за ім накіраваліся і памежнікі, што пачалі страляніну. Чуткі пацьвердзіліся, але ў тым, што адбывалася далей, ёсьць разыходжаньні.

Украінскі бок сьцьвярджае, што беларускія памежнікі трапілі на тэрыторыю суседняй дзяржавы на глыбіню 3 кілямэтры. Беларускія афіцыйныя асобы гэтыя весткі бяруць пад сумнеў. Паводле іх вэрсіі, беларускія памежнікі дзейнічалі абгрунтавана, бо аўто, якое перавозіла кантрабанду, урэшце было затрыманае. У адносінах да кіроўцы, грамадзяніна Ўкраіны, заведзеная крымінальная справа.

Паколькі беларуска-украінская мяжа на мясцовасьці не маркіраваная, беларускі бок не прызнае факту парушэньня мяжы суседняй краіны. Консул Украіны ў Берасьці Ігар Кочатаў паведаміў, што адразу пасьля здарэньня ўсе адпаведныя дакумэнты трапілі ў МЗС Украіны. Зважаючы на сур'ёзнасьць падзеі, напачатку было вырашана рыхтаваць ноту пратэсту. Але неўзабаве бакі прыйшлі да высновы, што трэба ствараць камісію зь ліку прадстаўнікоў памежных структураў абедзьвюх краінаў, якая б высьветліла ўсе акалічнасьці гэтай гісторыі. Менавіта таму інфармацыю аб інцыдэнце вырашылі не разгалошваць. Таму сродкі масавай інфармацыі даведаліся аб гэтым са спазьненьнем.

Тым ня менш вядома, што кіроўца згаданага аўто ўжо падаў у пракуратуру скаргу на дзеяньні беларускіх памежнікаў.

Літаральна праз некалькі дзён сытуацыя на беларуска-украінскай мяжы паўтарылася. На гэты раз супрацоўнікі беларускай мытні "Заходні Буг" пачалі перасьлед аўтамабіля "Камаз" з гарадзенскімі нумарамі, які не спыніўся ля беларускага мытнага паста і рушыў у бок украінскага места Ратна. Берасьцейскія мытнікі кінуліся наўздагон і таксама пачалі страляць. Пазьней яны прынесьлі прабачэньні ўкраінскаму боку за парушэньне памежнага рэжыму, а праваахоўчыя органы суседняй дзяржавы вырашылі не ўзбуджаць крымінальную справу з-за адсутнасьці складу злачынства.

Тым ня менш зараз у Берасьці працуе камісія Рады Бясьпекі, якая правярае як дзейнасьць мытні "Заходні Буг", так і абставіны згаданага здарэньня.

XS
SM
MD
LG