Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Круглянскі раён

Сёньня ў судзе Круглянскага раёну Магілеўскай вобласьці дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава Тацяна Бако абараніла свае правы на частку пабудоваў на тэрыторыі лецішча маці і бацькі.

Раённы суд вызваліў з-пад арышту лазьню на тэрыторыі лецішча і прызнаў, што ў 1998 годзе пад час вопісу маёмасьці Васіля Лявонава адбылася памылка – тое, што належала Тацяне Бако, было таксама выстаўленае на продаж. Паводле інфармацыі старшыні Круглянскага райсуда Мікалая Лышчанкі, зямельны ўчастак у вёсцы Міхайлаўка быў набыты ў 1990 годзе і потым аформлены на жонку Лявонава Антаніну. Праз чатыры гады ўладальніца падаравала палову ўчастку – 25 сотак і старую хатку на ім – сваёй дачцэ, пра што сьведчыць дзяржаўны акт на права прыватнай уласнасьці на зямлю. Ёсьць таксама дакумэнты аб набыцьці ў 1994 годзе лесу ў адной магілеўскай арганізацыі для перабудовы старой хаткі ў лазьню. Усё гэта дазволіла Тацяне Бако суд выйграць. А лецішча, цяпер бяз лазьні, усё ж прадаецца.

Аб'явы ў абласной і раённай афіцыйнай прэсе зьявіліся яшчэ напачатку траўня, але народ ім ня надта верыў. Урэшце, паводле зьвестак з раённай камісіі па канфіскаванай маёмасьці, знайшлося 6 патэнцыйных пакупнікоў і бліжэйшым часам плянуецца правесьці аўкцыён. Дарэчы, аб'ява аб продажы лецішча Лявонава была незвычайнаю ў тым сэнсе, што ўпершыню, напэўна, у рэгіёне было адкрыта абвешчана, каму яна належала. У райвыканкаме заяўляюць, што тэкст выйшаў у адпаведнасьці з копіяй прысуду. Праўда троху яго зьмянілі, бо ў прысудзе замест "дом з мансардай" было напісана "дом з масандрай". Але крымскія віны да лецішча Лявонава дачыненьня ня маюць.

Дачка Сьвятлана Ўласава паведаміла, што выкупіць лецішча ёй, маці і сваякам не прапаноўвалі. Каштуе яно 4500 даляраў. Але сёньня ёй даводзіцца клапаціцца пра асноўную маёмасьць. А становішча, як яна сказала, пакуль паміж небам і зямлёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG