Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Выступам Валерыя Шчукіна з апошнім словам завершыўся сёньня разгляд крымінальнае справы Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў пад час правядзеньня леташняга "Маршу Свабоды".

Сёньня ў будынку Менскага гарадзкога суду за гадзіну да паседжаньня на ўсіх пляцоўках былі выстаўленыя міліцэйскія кардоны, а ў судовай зале й побач зь ёю – узвод АМАП'у.

Ня ўсе змаглі патрапіць у залю, бо сабралася вельмі шмат людзей. Прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў, АБСЭ й розных грамадзкіх арганізацыяў.

Валеры Шчукін выступаў амаль гадзіну. У сваёй прамове ён спаслаўся на тое, што месцы для правядзеньня вулічных шэсьцяў і дэманстрацыяў Менгарвыканкамам ня толькі не абсталяваныя, але й ня вызначаныя. Таму, на думку Шчукіна, трэба было прыцягнуць да адказнасьці Ярмошына, а не людзей, якіх пазбавілі права вольна выказваць свае думкі на мірных сходах і дэманстрацыях.

Ён заявіў, што пракурор абараняе карпаратыўныя інтарэсы сваёй установы, бо Крымінальны кодэкс не прадугледжвае адказнасьці за заклік грамадзянаў ісьці ў той ці іншы бок гораду. Злачыннымі зьяўляюцца толькі заклікі да гвалтоўнае зьмены канстытуцыйнага ладу або да дзяржаўнае здрады ці тэрарыстычнага акту. Паколькі сьледчыя не здабылі доказаў гэтага, дык абвясьцілі заклікамі ўдзел і асабісты прыклад Шчукіна.

Валеры Шчукін паведаміў "Радыё Свабода":

"Асноўны акцэнт я зрабіў на тое, каб паказаць суду, што дзяржаўны абвінаваўца выконвае палітычны заказ. І што ніводнае абвінавачваньне не падпадае пад той артыкул, у якім мяне абвінавачваюць. Таму што, паводле гэтага артыкулу, я нібыта не падпарадкоўваўся прадстаўнікам улады, але ж нам заміналі салдаты, а яны не зьяўляюцца прадстаўнікамі ўлады. А наконт таго, што мы перашкаджалі працы гарадзкога транспарту, дык і гэтага не было. Я лічу, што павінен быць цалкам апраўданы", – паведаміў дэпутат Валеры Шчукін.

Гаворыць другі падсудны ў крымінальнай справе, лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Відавочна, што ўлада мела адзін плян, адну стратэгію, і вельмі відавочна, што гэта зьвязана са зрывам нашага зьезду. Мне здаецца, што каб зьезд быў сарваны, то я ў панядзелак ужо сядзеў бы, а на старонках дзяржаўнай прэсы гуляла б куча скандальнай інфармацыі пра мяне. Гэты плян праваліўся, і ўлада ўзяла тайм-аўт. Калі я даведаўся, што Шчукін будзе сваю прамову казаць пасьля абеду, бо судзьдзя захварэў, то я зраумеў, што і ў чацьвр, хутчэй за ўсё, прысуду ня будзе. Яны занятыя зараз выпрацоўкай новай статэгіі".

Судзьдзя Ігар Крот абвясьціў, што прысуд будзе зачытаны не раней чым у сярэдзіне наступнага тыдня.

XS
SM
MD
LG