Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Прыстасаваньне для падслухоўваньня – гэтак званы тэлефонны "жучок" – выяўлены ў доме Анатоля Лябедзькі. Наш карэспандэнт прысутнічаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі лідэра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, дзе й была агучаная гісторыя гэтае знаходкі…

(Лябедзька: ) "Учора жонка заўважыла чалавека, які рамантуе тэлефонную лінію, якая ідзе побач з ліфтам, і папрасіла яго адрамантаваць тэлефонную праводку, якая раз-пораз абрываецца – дзеці гуляюцца. Яна адкрытая. Дамовіліся аб цане, ён пачаў працаваць. Праз некаторы час раздаўся званок у дзьверы, зайшоў сувязіст з вялікімі вачыма і пытае: "Чым займаецца вашая сям'я?". Жонка спытала, у чым справа. Ён кажа, што можа зрабіць прагноз, што ў вас нехта займаецца альбо палітыкай альбо бізнэсам, таму што ваш тэлефон праслухоўваецца, і я выцягнуў вось такое прыстасаваньне для праслухоўваньня".

Анатоль Лябедзька прадэманстраваў журналістам гэтае прыстасаваньне, зь якім ён мае намер азнаёміць пракуратуру. У пракуратуры лідэр АГП зьбіраецца высьветліць, ці давала яна дазвол на праслухоўваньне ягонага хатняга тэлефона. Ён лічыць знаходку доказам існаваньня ў Беларусі палітычнага перасьледу:

(Лябедзька: ) "Шмат разоў Лукашэнка дзяліўся прыватнымі размовамі, якія адбываліся дома, у амбасадах, і гэта сьведчаньне таго, аб чым ведаем".

У той час, як быў выяўлены гэты "жучок" у кватэрным тэлефоне, сам Анатоль Лябедзька знаходзіўся ў Маскве. Аб'яднаная Грамадзянская партыя ладзіла там кантакты з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Расеі.

(Лябедзька: ) "Учора ў нас адбылася рабочая сустрэча з кіраўніком фракцыі СПС у Дзяржаўнай Думе і адным з сустаршыняў Барысам Нямцовым. Абмяркоўваліся шэраг пытаньняў, зьвязаных з сытуацыяй у Беларусі. Па-першае, мы дамовіліся аб правядзеньні двухраўндавага круглага стала. Першы зь іх адбудзецца 19 чэрвеня ў Маскве, другі – у верасьні ў Менску. Па-другое, мы абмяркоўвалі магчымасьць удзелу дэпутатаў Дзярждумы ў працы Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэтая падзея адбудзецца 2 ліпеня. Па-трэйцяе, мы не выключаем, што ў бліжэйшы час Саюз Правых Сілаў зробіць спэцыяльную заяву па сытуацыі ў Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Якія асобы зь ліку вядомых палітыкаў Расеі падтрымліваюць на сёньняшні дзень ідэю незалежнасьці Беларусі?"

(Лябедзька: ) "Кола абмежаванае. Я б сюды аднес Юшанкова, Гайдара, Хакамаду – гэта ўсё прадстаўнікі СПС. Я думаю, што і Нямцова трэба адносіць да гэтай катэгорыі, бо ягоны подпіс стаіць пад дакумэнтам, які быў прыняты пад час грамадзкіх слуханьняў у справе сытуацыі ў Беларусі, што адбыліся паўтары гады назад у Прэзыдэнт-гатэлі ў Маскве. Але гэта вельмі тонкі слой, які можна вельмі лёгка змыць, не ўжываючы парашок Фэры", – мяркуе старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька.

XS
SM
MD
LG