Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Навумчык

Як мы паведамлялі, учора Камітэт міжнародных справаў Сэнату ЗША аднагалосна падтрымаў рэзалюцыю №304 ў справе Беларусі і рэкамэндаваў яе для прыняцьця Сэнатам. Рашэньне Камітэту па часе супала з выступам у Сэнаце наноўпрызначанага амэрыканскага амбасадара ў Беларусі Майкла Козака, які параўнаў рэжым Лукашэнкі з рэжымам Кастра.

Гэтае параўнаньне і некаторыя іншыя ацэнкі амбасадара афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС назваў "некарэктнымі". А вось тое, што прэзыдэнт ЗША Білл Клінтан паведаміў кіраўнікам абедзьвюх палатаў Кангрэсу ЗША пра рашэньне працягнуць у адносінах да Беларусі рэжым нармальных гандлёвых адносінаў яшчэ на адзін год, прадстаўніком беларускага МЗС было пададзенае як перамога беларускай дыпляматыі.

На фоне рэзкай крытычнай танальнасьці і рэзалюцыі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, і выказваньняў вядучых амэрыканскіх палітыкаў адносна палітычнай сытуацыі і становішча з правамі чалавека ў сёньняшняй Беларусі, такое рашэньне можа сапраўды здавацца праявай пацяпленьня.

Але – толькі здавацца.

Нашая даведка:

Статус найбольшага спрыяньня дзяржаве з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі зьвязаны з гэтак званай папраўкай Джэксана-Вэніка, прынятай ў 1974 годзе, фактычна паводле ініцыятывы савецкіх дысыдэнтаў, найперш – Андрэя Сахарава. У адпаведнасьці з папраўкай, статус даваўся ўсім краінам, якія дазвалялі вольную эміграцыю і выконвалі правы чалавека.

Статус найбольшага спрыяньня дзяржаве (цяпер ён носіць назоў статусу нармальных гандлёвых адносінаў) азначае толькі тое, што гандаль з гэтай краінай ЗША вядуць у звычайным рэжыме.

Куды больш істотнай зьяўляецца сыстэма гандлёвых прэфэрэнцыяў ў дачыненьні да той альбо іншай дзяржавы. Краіна, якая мае такія прэфэрэнцыі, ня плоціць мыта на тавар, які яна ўвозіць на тэрыторыю Злучаных Штатаў Амэрыкі, альбо выплочвае толькі частку.

Летась агульная сума экспарту беларускіх тавараў у ЗША склала амаль 80 мільёнаў даляраў.

Ад 1984 году дзяржава, якая прэтэндуе на такі статус, абавязаная даць справаздачу адносна выкананьня правоў працоўных. Першымі ў пераліку гэтых правоў названыя права на сходы і права на аб'яднаньне ў прафэсійныя саюзы.

У сувязі з тым, што ў Беларусі гэтыя правы парушаныя, сёлета ў красавіку Офіс гандлёвага прадстаўніцтва ЗША прыняў рашэньне спыніць сыстэму гандлёвых прэфэрэнцыяў у дачыненьні да Беларусі. Гэтае рашэньне цяпер знаходзіцца на разглядзе ў прэзыдэнта ЗША.

Такім чынам, скасаваньне альбо пацьверджаньне гандлёвых прэфэрэнцыяў – спраа бліжэйшых тыдняў. У той час як рэзалюцыя Кангрэсу адразу пасьля прыняцьця яе Палатай прадстаўнікоў стала палітычным фактам і выклікала нэрвовую рэакцыю ня толькі ў Менску, але і ў Маскве – прыгадаем ацэнку, якая была дадзеная расейскім МЗС.

Рэзалюцыя ўтрымлівае заклік да прэзыдэнта ЗША ўзьняць на самым высокім ўзроўні пытаньне аб непрадастаўленьні расейскім урадам фінансавай дапамогі рэжыму Лукашэнкі.

У міжнароднай палітыцы тэрмін "вышэйшы ўзровень" азначае толькі адно – узровень кіраўнікоў дзяржаваў. Рэзалюцыя прымалася Кангрэсам за некалькі тыдняў да візыту Клінтана ў Маскву; можна меркаваць, што кангрэсмэны мелі на ўвазе менавата заплянаваную сустрэчу Клінтана з новым расейскім прэзыдэнтам Пуціным.

Але міжнародная палітыка – гэта доўгатэрміновы працэс, які складаецца са шмат якіх фактараў. Некаторыя з гэтых фактараў паўплывалі на тое, што на перамовах з Пуціным Клінтан не ўздымаў тэму Беларусі.

Гэта, аднак, зусім не азначае ігнараваньня Белым Домам рэзалюцыі, паколькі на момант маскоўскага саміту дакумэнт быў незацьверджаны ні ў адпаведным Камітэце Сэнату, ні ў самім Сэнаце ЗША. Сэнат, як чакаецца, прыступіць да яго разгляду напрыканцы будучага тыдня.

І тут варта адзначыць, што Рэзалюцыя амэрыканскага Кангрэсу – дакумэнт доўгатэрміновага дзеяньня. Кіравацца меркаваньнем прадстаўнікоў амэрыканскага народа будзе ня толькі цяперашні, але і наступны прэзыдэнт, незалежна ад таго, будзе гэта Джордж Буш ці Ал Гор. Некаторыя назіральнікі адзначаюць, што ў выпадку перамогі на выбарах рэспубліканцаў стаўленьне Вашынгтону да афіцыйнага Менску зробіцца больш жорсткім.

Але, як гэта не падасца парадаксальным, палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе вызначацца ня ў Вашынгтоне, а ў Менску. Бо залежыць яна ад жаданьня альбо нежаданьня кіраўніцтва Беларусі гарантаваць правы чалавека і кіравацца ў сваіх дзеяньнях прынцыпамі дэмакратыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG