Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Навумчык

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, штаб-кватэра якой месьціцца ў Лёндане, абвінаваціла НАТА ў забойстве мірных грамадзянаў пад час леташняй акцыі ў Косаве.

У справаздачы Amnesty International сьцьвярджаецца, што пад час югаслаўскай кампаніі НАТА не заўсёды дакладна абірала цэлі для авіяцыйных удараў і бамбавала грамадзянскія аб'екты. Адзін з падобных удараў, у выніку якога загінулі 16 чалавек, праваабаронцы кваліфікуюць як "ваеннае злачынства".

Гэтыя абвінавачаньні Amnesty International НАТА лічыць неабгрутнаванымі.

Адзначым, што агенцтва БелаПАН паведаміла пра ўдзел двух дэпутатаў гэтак завнага Нацыянальнага Сходу ў гэтак званым "грамадзкім трыбунале ў справе расьсьледаваньня злачынстваў ЗША і НАТА супраць Югаславіі", якое прайшло на мінулым тыдні ў Бэрліне.

У паседжаньні ўдзельнічалі прадстаўнікі з 27 краінаў, і пасьля двухдзённых дэбатаў прынялі рэзалюцыю. Зьмест яе наступны: распусьціць НАТА і Міжнародны Суд у Гаазе, вывесьці Міжнародны ваенны кантынгент зь Югаславіі. Высновы выключна палітычныя, аднак ніякіх канструктыўных – палітычных ці юрыдычных – спосабаў вырашэньня праблемы косаўскіх албанцаў удзельнікі гэтага "трыбуналу" не прапанавалі. Дарэчы, гэтая арганізацыя не прызнаная усясьветным супольніцтвам – у адрозьненьні ад Гаагскага трыбуналу.

У сёньняшнім нумары амэрыканскай уплывовай газэты The Wall Street Journal падкрэсьліваецца: "Афіцыйна прызнана, што НАТА не рабіў ваенных злачынстваў пад час леташняй апэрацыі ў Косаве. Тым ня менш, аўтары тэорыі пра "амэрыканскую змову" і прыхільнікі цяперашняга сэрбскага кіраўніцтва лічаць, што Захад сьвядома зьнішчаў мірнае насельніцтва, і ставяць пад сумнеў меркаваньне трубуналу ААН пад кіраўніцтвам швэйцарскага пракурора Карлы Дэль Понтэ, якая лічыць, што няма падставаў для абвінавачаньня НАТА ў вайсковых злачынствах.

(Карла Дэль Понтэ: ) "Няма ніякіх падставаў для распачынаньня крымінальнага дасьледаваньня ў справе НАТАўскіх бамбаваньняў. Хаця НАТА зрабіла пэўныя памылкі, я перакананая, што з боку НАТА не існавала ніякага сьвядомага жаданьня зьнішчыць мірнае насельніцтва шляхам бомбавых удараў".

Але ў любым разе істотна канчаткова высьветліць праўду, нягледзячы нават на афіцыйныя высновы, – піша The Wall Street Journal.

Захад прыбегнуў да вайсковай сілы ў адказ на мэтады, скарыстаныя сэрбскім лідэрам Слабаданам Мілошавічам. Мілошавіч скасаваў правы этнічных албанцаў, якія жылі ў Косаве. На некаторыя албанскія паселішчы накіравалі баевікоў, ўзброеных асобаў, якія раней былі заўважаныя ў такіх месцах, каб запужаць албанцаў і прымусіць амаль два мільёны касавараў пакінуць сваю радзіму.

У выніку гэтага Захаду давялося ўмяшацца. Але гэтае ўмяшаньне адбылося толькі пасьля таго, як больш чым год заходнія краіны рабілі дыпляматычныя высілкі ў мэтах палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту, якія, аднак, былі адрынутыя Слабаданам Мілошавічам. Прынамсі нелягічна меркаваць, што заходнія лідэры, якія такім чынам дамагаліся міру, раптам пераўтварыліся ў крыважэрных агрэсараў.

Праўда, ёсьць пэўныя факты, кшталту трапляньня снараду ў пасажырскі цягнік, якія падаюць як ваенныя злачынствы. Аднак яны былі вынікам прыкрых памылак, а не сьвядомых злачынных памкненьняў. Прычына ў тым, што НАТА абрала тактыку высокіх палётаў, каб зьвесьці да мінімуму рызыку для лётчыкаў. Але ў выніку дакладнасьць бамбаваньня зрабілася горшай.

Магчыма, такая тактыка была вынікам баязьлівасьці – адначае The Wall Street Journal. Вайскоўцы, якія ўваходзілі ў склад сілаў НАТА, большасьцю былі добраахвотнікі, якія ведалі, на што яны ідуць. Цывільныя грамадзяне з Сэрбіі, якія пацярпелі ў выніку бамбаваньняў, дабраахвотнікамі не былі. Іх сьмерці – сапраўдная трагедыя. Але гэта – вынік грубых памылак, але ніяк не сьвядомых ваенных злачынстваў, – адзнаячае The Wall Street Journal.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG