Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Гадавіна, якую ніколі ня ўзгадвала афіцыйная Беларусь, – адкрыцьцё другога фронту ў Другой Усясьветнай вайне. Камэнтар Юрыя Дракахруста.

Уначы 6 чэрвеня 1944 году пачалася апэрацыя "Аверлорд": з тысячаў пантонаў і дэсантных караблёў войскі пад кіраўніцтвам маршала Мангомеры і генэрала Эйзэнхаўэра пад вагнём нацыскай берагавой абароны высадзіліся ў Нармадыі на поўначы Францыі. Наперадзе былі вызваленьне Парыжу і Амстэрдаму, спыненьне контрнаступу вермахту ў Ардэнскіх лясох, уваходжаньне ў Нямеччыну, Эльба, дзе амэрыканцы ды ангельцы сустрэліся са сваімі савецкімі саюзьнікамі, і, нарэшце, перамога. Перамога сапраўдная і агульная.

У сучаснай Беларусі, як і раней у савецкія часы, офіцыёз пра гэта ці ня ўзгадвае ці прыгадвае скрозь зубы. Усе паваеныя часы ўлады прыгадвалі пра вайну да месца і не да месца, што і зразумела – усе астатнія "дасягненьні" савецкай ўлады былі справамі дастаткова сумніўнымі. Але тая перамога была сапраўды вялікаю і бясспрэчнаю.
Уладзе было недастаткова эксплюатаваць народную памяць пра гэты гістарычны момант праўды, трэба было ператварыць яе у зброю ў ідэалягічнай вайны. Таму і замоўчвалі перамогу саюзьнікаў. Прапаганда ператварала перамогу над нацызмам у перамогу над Захадам.

І сучасны кіраўнік Беларусі працягвае гэтую савецкую традыцыю, гаворачы: "Тады на нас ішоў Гітлер, а зараз – НАТА". Ня хоча прыгадваць Аляксандар Лукашэнка, які рэкамэндуецца гісторыкам, што краіны-стваральнікі НАТА ішлі ня з Гітлерам, а на Гітлера.
Са свайго боку і нацысты лічылі "яўрэйска-плютакратычныя дэмакратыі", як яны называлі заходнія краіны, сваімі спрадвечнымі ворагамі. Нацысцкі рэжым быў рэжымам антызаходніцкім – вось пра што не хацелі і ня хочуць гаварыць савецкія і лукашэнкаўскія прапагандысты.

Дарэчы, нацыскі міністар прапаганды Гебельс незадоўга да канца Трэцяга Рэйху пісаў у сваім дзёньніку, што параза непазьбежная, але найбольшая пагроза нацыскай ідеалегіі зыходзіць ад Захаду. Менавіта Захад, лічыў Геббельс, здольны зьнішчыць нацыянал-сацыялізм.

Так яно і адбылося. Захад ня толькі вызваліў палову Эўропы ад нацызму, але і ўратаваў ад іншага, "чырвонага" таталітарызму. Дзякуючы той перамозе зараз і паўстае адзіная дэмакратычная Эўропа – Эўропа пераможцаў у Другой Усясьветнай вайне. Дзьверы ў гэтую Эўропу адчыненыя і для Беларусі.

І зразумела, чаму ў Беларусі не прыгадваюць пра гадавіну адкрыцьця другога фронту. Сапраўдны досьвед той вайны – гэта досьвед таго, як беларусы разам з Захадам змагаліся з дыктатураю.

XS
SM
MD
LG