Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Тацяна Копец, Бабруйск

У Бабруйску на мэблевай фабрыцы імя Асіпенкі і на абутковай фабрыцы адбыліся папераджальныя страйкі. Свае патрабаваньні да адміністрацыі выказалі акторы Тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча. Незадаволеныя нявыплатай заробку і настаўнікі.

Напрыканцы траўня і пачатку чэрвеня ў Бабруйску пракацілася хваля страйкаў на прадпрыемствах гораду. Прыпынялі працу і абвяшчалі свае патрабаваньні да адміністрацыі работнікі мэблевай і абутковай фабрыкаў. Прычынай гэтага стала нявыплата заробкаў за сакавік і красавік.

Падзеі на прадпрыемствах нікога не зьдзівілі, але каб страйкі адбываліся ў тэатры – гэта ў навіну. 31 траўня група актораў Абласнога тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча ня выйшла на ранішні спэктакаль для дзяцей. Дрэннае фінансавае забесьпячэньне, адсутнасьць патрэбнага рэквізыту і нізкія заробкі – гэта праблемы, зь якімі даводзіцца сутыкацца супрацоўнікам тэатру ня першы год. Канфлікт яшчэ справакавала і стаўленьне дырэктара тэатру да людзей. Ён, былы вайсковец, імкнуўся выкарыстоўваць армейскія мэтады і ня ўлічваў, што акторы – творчыя асобы і не ўспрымаюць адміністрацыйнага дыктату. Паводле негалосных нормаў акторскай этыкі, вырашэньне праблемы не павінна адбівацца на працы, таму зрыў спэктакля быў скрайнім крокам, на які, страціўшы надзею, пайшлі акторы. Але ўлады ніяк не адрэагавалі на гэтую акцыю.

Акрамя таго ўзрастае незадаволенасьць настаўнікаў гораду, якім затрымліваюць заробак і адпускныя выплаты.

XS
SM
MD
LG