Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракуратура Савецкага раёну Менску адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу паводле факту зьбіцьця Юрася Беленькага пад час падзеяў 25 сакавіка. Сьледчы заявіў, што процізаконных фактаў у дзеяньнях міліцыі ня выяўлена. Між тым, Беленькі разам з адвакаткаю Страмкоўскай здолелі азнаёміцца з матэрыяламі гэтае праверкі й зрабілі выснову, што пракуратура анічога не зрабіла, каб высьветліць, як на самой справе адбываліся падзеі.

Намесьнік старшыні Хрысьціянска-Кансэрватыўнай партыі БНФ Юрась Беленькі разам з адвакаткаю Верай Страмкоўскай пасьля немалых намаганьняў атрымалі, нарэшце, магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, якую пракуратура Савецкага раёну Менску праводзіла паводле заявы Юрася Беленькага пасьля падзеяў 25 сакавіка. Тое, што ўдалося высьветліць, стала шокам нават для гэтых людзей, дастаткова дасьведчаных у праблеме парушэньня правоў чалавека.

Юрась Беленькі распавёў нашаму радыё:

(Беленькі: ) "Не апыталі ніводнага сьведкі, якіх мы гаварылі, не запатрабавалі відэастужкі. Кадры гэтыя бачылі шмат людзей, якія праходзілі па адміністрацыйных справах у Савецкім судзе. Шмат людзей зьвярталіся да мяне, званілі і казалі, што бачылі тую непрыемную сцэну. На падставе чаго вынесенае такое рашэньтне, што будзе адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы? На падставе сьведчаньняў двух вайскоўцаў унутраных войскаў, якія напісалі ў рапартах, што яны спэцсродкаў не прымянялі, акуратненька ўзялі мяне пад рукі і завялі. Такая вось цынічная гульня".

Гэта быў Юрась Беленькі.

Нагадаю, на Дзень волі, 25 сакавіка, гэты лідэр Хрысьціянска-Кансэрватыўнае партыі БНФ быў жорста зьбіты міліцыяй, атрымаў траўмы галавы й тры дні правёў у ізалятары. Дарэчы, яму так і не была аказаная мэдычная дапамога. Беленькі падаў скаргу ў пракуратуру, праверка цягнулася два месяцы, але ў выніку яму адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнае справы супраць тых міліцыянтаў, якія яго зьбівалі, а потым не аказалі дапамогу.

Даючы такі адказ, пракуратура не абцяжарвала сябе аргумэнтамі, у чым і я змог пераканацца, калі патэлефанаваў сёньня сьледчаму Ільлі Зотаву, які вёў праверку. Вось што ён адказаў нашаму радыё…

(Зотаў: ) "У завядзеньні крымінальнай справы адмоўлена. Беленькі атрымаў адказ, у адказе ўсё напісана. На гэтым нашая з вамі размова закончаная".

Гэта быў сьледчы Савецкае раённае пракуратуры Ілья Зотаў, які вырашыў, што ніхто ў зьбіцьці Беленькага не вінаваты.

Як сьцьвярджае адвакатка Вера Стармкоўская, гэтаму сьледчаму яны раней называлі імёны больш як дзесяці сьведкаў, у тым ліку Юхо й Новіка, якія на свае вочы бачылі, як міліцыянты зьбівалі Беленькага і якія маглі апазнаць гэтых людзей. Дастаткова было правесьці апытаньне, выклікаць удзельнікаў міліцэйскае апэрацыі на Дзень Волі, якія падобныя на названых сьведкамі, і высьветліць сапраўдных вінаватых. Але сьледчы гэтага не зрабіў.

Беленькі й Страмкоўская ведаюць цяпер гэта дакладна і ня маюць намеру дараваць гэта сьледчаму.

(Беленькі: ) "Білі мяне чатыры чалавекі. А тут толькі два міліцыянты. Натуральна, што мы з адвакатам будзем падаваць скаргу ў гарадзкую пракуратуру. Будзем апэляваць да міжнароднай супольнасьці, якая кажа, што ў нас тут усё добра, можна на выбары ісьці…"

Паводле словаў Веры Страмкоўскай, непрыняцьце ворганамі нагляду за законнасьцю захадаў супраць міліцыянтаў, якія парушаюць правы грамадзянаў, зьяўляецца агульнай практыкаю ў Беларусі. Тое самае, нагадала Страмкоўская, адбываецца ў дачыненьні да палітычных актывістаў і звычайных грамадзянаў. Страмкоўская назвала прозьвішчы Воўчака, Шымко і яшчэ дзясяткаў іншых.

"Казаць пра тое, што ў нас закон роўны для ўсіх, немагчыма", – упэўненая Вера Страмкоўская, якая цяпер разам зь Юрасём Беленькім дамагаецца пакараньня тых міліцыянтаў, якія зьбілі яго пад час падзеяў 25 сакавіка.

XS
SM
MD
LG