Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Заявы ў амэрыканскім Сэнаце прызначанага на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака выклікалі ў менскіх афіцыйных колах стрыманую, але нэрвовую рэакцыю. Беларускія ўлады лічаць, што Майкл Козак выказвае ляяльнасьць да амэрыканскай пазыцыі, што йснуе ў адносінах да Беларусі, таму нейкіх зьменаў у амэрыканска-беларускіх стасунках пры новым амбасадары яны не чакаюць. Незалежныя аналітыкі мяркуюць, што адносіны ўрадаў Беларусі й ЗША яшчэ пагоршацца.

Майкл Козак, які раней працаваў амэрыканскім амбасадарам на Кубе, выступаючы ў камісіі ў міжнародных справах Сэнату ЗША, параўнаў Аляксандра Лукашэнку зь Фідэлем Кастра і зрабіў некалькі іншых рэзкіх заяваў на адрас беларускіх уладаў.

Прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Мікалай Барысевіч паведаміў "Радыё Свабода", што ў хуткім часе павінна зьявіцца афіцыйная рэакцыя на гэты выступ.

Палітоляг з Цэнтру дасьледаваньняў геапалітычных праблемаў, што йснуе пры прэзыдэнцкай адміністрацыі, Уладзімер Гурын увогуле выказаў думку пра тое, што міждзяржаўныя стасункі мала залежаць ад падобных выказваньняў, якія робяцца, каб падкрэсьліць ляяльнасьць да йснуючае дзяржаўнае палітыкі ЗША ў адносінах да Беларусі.

Гаворыць афіцыйны палітоляг Уладзімер Гурын:

"Тое ці іншае выказваньне мае вузкую прагматычную накіраванасьць і не заўсёды азначае нейкія карэнныя зьмены ў адносінах. Пэўны націск на Беларусь ёсьць, анічога сур'ёзна ў стасунках не зьмяняецца. Ёсьць дакумэнты, прынятыя Кангрэсам, а тое, што выказаўся і амбасадар, – анічога экстраардырнага я ў гэтым ня бачу. Гэта ня знак нейкіх зьменаў – выказваньні спадара Козака", – зазначыў прадстаўнік аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Гурын.

Незалежны аналітык, рэдактар аддзелу міжнароднае палітыкі тыднёвіка "Белорусский рынок" Аляксандар Патуцін таксама ня лічыць гэтыя выказваньні нечым новым, але мяркуе, што пры новым амбасадары стасункі Беларусі й ЗША пагоршацца.

Гаворыць Аляксандар Патуцін:

(Патуцін: ) "Можна заўважыць, што на працягу некалькіх апошніх месяцаў гэтая рыторыка становіцца больш жорсткай. Мне падаецца, што па меры набліжэньня Беларусі да парлямэнцкіх выбараў, яна будзе больш жорсткай, таму што зараз, як мы ведаем, у ЗША таксама ідзе вельмі актыўная выбарчая кампанія, і рэспубліканцы будуць выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб падкасіць шанцы дэмакратаў, Гора, у прыватнасьці. Я думаю, што адносіны Беларусі і Злучаных Штатаў будуць пагаршацца. Яны, прынамсі, што датычыць зьнешніх праяваў, заяваў, дыпляматычных адносінаў дзьвюх краінаў, – будуць пагаршацца. У нас няма ніякіх тэндэнцыяў да паляпшэньня сытуацыі з выбарамі, з правамі чалавека. Выступ Козака – вельмі сымбалічны, бо сёньняшні амбасадар Спэкгард звычайна вельмі мякка ацэньвае сытуацыю, звычайна ён не дазваляе сабе такіх рэзкіх заяваў, і тое, што Козак дазволіў сабе такое, шмат аб чым гаворыць".

Гэта быў Аляксандар Патуцін, рэдактар аддзелу міжнароднае палітыкі недзяржаўнага тыднёвіка "Белорусский рынок".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG