Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


(эфір 5 чэрвеня)
Улады вырашылі высяліць праваслаўнага сьвятара Івана Спасюка і яго сям'ю з пяці чалавек зь ягонае кватэры ў паселішчы Пагранічны Бераставіцкага раёну. Учора сьвятар атрымаў адпаведны ліст з бераставіцкага райвыканкаму.

Сёньня Іван Спасюк разам зь кіраўніком ваўкавыскай праваабарончай арганізацыі "Аслона" Мікалаем Аксамітам наведалі Бераставіцу. Яны мелі гутарку са старшынём райвыканкаму Іванам Захарчуком, але безвыніковую. У лісьце з райвыканкаму было зазначана, што кватэра Спасюку не была прадастаўленая – ледзьве не сам заняў яе. Аднак ён гаворыць, што падпісаў з камунальнай службай дамову аб найме кватэры, прычым безтэрміновую. Ён лічыць, што працягваецца яго цкаваньне ўладамі за тое, што ён пакінуў Рускую праваслаўную царкву і заснаваў прыход Беларускай народнай царквы.

"Хочуць мяне зламаць", – сказаў сьвятар мне па тэлефоне. І сьвятар і ягоны абаронца Мікалай Аксаміт зьвязвае дзеяньні мясцовых уладаў з працягам судовай справы. У Ленінскі раённы суд Горадні абласным судом вернутая на перагляд справа аб абразе гонару й годнасьці Івана Спасюка, якую раённы суд не задаволіў. У пятніцу яны абодва былі ў Горадні ў Ленінскім судзе, дзе іх прасілі працягнуць тэрмін перагляду справы. Яны адмовілі, і ў пятніцу ж у Бераставіцкім гарвыканкаме ўзьнік ліст аб высяленьні сям'і сьвятара. У лісьце ёсьць спасылка на тое, што камандзір вайсковай часткі, дзе знаходзіцца дом, у якім жыве Спасюк, нібыта патрабуе яго высяленьня. Але кватэра знаходзіцца на балянсе Райкамунгаза, зазначае Мікалай Аксаміт, і камандзір жыльлём не распараджаецца. Высяліць Спасюка могуць толькі праз суд, але падставаў для гэтага няма. Яму ж судзіцца з райвыканкамам можна, але напачатку ён мусіць паспрабаваць разьвязаць пытаньне на ўзроўні ўладаў.

Старшыні аблвыканкама Дубко сёньня сьвятаром накіраваны ліст з просьбай скасаваць рашэньне райвыканкаму. Цікава толькі, што афіцыйнага рашэньня ўвогуле не было, а Спасюк атрымаў проста ўльтыматум. Мікалай Аксаміт лічыць, што ўлады ціснуць на Спасюка, каб той адмовіўся працягваць змагацца за свае гонар і годнасьць у судзе, бо справа, пасьля яе перагляду абласным судом, выглядае на выйгрышную, зазначыў ён.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

XS
SM
MD
LG