Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Беласток – Менск

Катэдра беларускае культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку супольна зь беларускімі навукоўцамі ў пачатку чэрвеня правяла трохдзённую навуковую канфэрэнцыю "Палесьсе ў ХХ стагодзьдзі". Крыху раней гэтая ж катэдра зарганізавала гістарычную беларуска-польскую канфэрэнцыю пра вельмі балючыя для абедзьвюх краінаў 39–41-я гады. Такім чынам, прысутнасьць навукі пра Беларусь у Беластоку стала прыкметнаю…

Унівэрсытэт у Беластоку зьявіўся толькі ў 1997 годзе, раней гэта была філія Варшаўскага ўнівэрсытэту. Трэці год працуе і тут катэдра беларускае культуры, якой кіруе былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, спэцыяліст у галіне беларускае філялёгіі Эльжбэта Смулкова. Студэнты прыходзяць на катэдру беларускае культуры пакуль што толькі на факультатыўныя заняткі, але з новага навучальнага году тут адчыніцца й спэцыялізацыя па беларусістыцы.

(Смулкова: ) "Нам так залежыць, каб гэта былі такія заняткі, якія падрыхтуюць спэцыялістаў у беларускім пытаньні ўвогуле. Людзей, якія будуць у Польшчы ў розных установах, каб рэпрэзэнтаваць беларускую навуку й веду польскую пра гэтую краіну. Магу сказаць, што факт існаваньня катэдры вельмі добра сьведчыць аб унівэрсытэце паўночна-ўсходняй Польшчы, які знаходзіцца на тэрыторыі, на якой жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў".

Яна падкрэсьліла, што ўжо ёсьць і група студэнтаў, якія выразна цікавяцца Беларусьсю, ейнай моваю і культураю. Можа, зацікаўленьне гэтае павінна быць і большым, але гэта толькі першыя крокі, – лічаць Эльжбэта Смулкова і яе калегі.

Вялікую цікавасьць, у тым ліку сярод прадстаўнікоў тутэйшае беларускае дыяспары, маюць адкрытыя сэмінары па беларускай культуры, што праводзяцца катэдраю двойчы на месяц, гэтак званыя "беларускія чацьвяргі". На іх выступаюць вядомыя дасьледнікі зь Беларусі й Польшчы. Гэта служыць большай папулярызацыі ведаў пра Беларусь. Хаця ўвогуле цікавасьць да Беларусі ў Польшчы пачынае зьніжацца.

(Смулкова: ) "Думаю, што фактычна такое нейкае апагэум зацікаўленьня ўжо прайшло. Фактычна было вялікае зацікаўленьне, калі Беларусь будавала сваю самабытнасьць, сваю дзяржаву. Калі я сама назірала, працуючы на Беларусі, даволі такі сур'ёзны ўздым у тым кірунку, каб збудаваць сваю дзяржаву. І факт адыходу ад гэтае дзяржаўнасьці не ўспрыняты ў Польшчы з ухвалай".

Прафэсар Эльжбэта Смулкова, нагадаю, наўсніца катэдры Беларускае культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG