Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Штодзённа многія іншаземцы, якія трапілі ў Беларусь з краінаў Цэнтральнае Азіі і Закаўказьзя, вымушаныя цярпець зьнявагу з боку міліцыянтаў.

У гандлёвых шапіках, што на тэрыторыі "Камароўскага рынку", працуе шмат іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь з краінаў Закаўказьзя й Цэнтральнае Азіі. Бальшыня зь іх ўпэўненыя, што многія прадстаўнікі беларускае ўлады схільныя да ксэнафобіі…

"Я з Баку прыехаў. А працаўнікі міліцыі паводзяць сабе вельмі агідна, прыстаюць без нагоды. У дзень могуць два-тры разы адны і тыя ж людзі падыйсьці да аднаго і таго ж, праверыць дакумэнты. Калі на іх скардзіліся, яны яшчэ ціснулі, вымагалі ад чалавека, каб ён адмовіўся ад сваіх словаў. Яны зьневажалі маю нацыянальнасьць. Называюць чарнамазымі ці «ліцо каўказскай нацыянальнасьці». Часта гавораць: «Вымятайцеся к сабе на радзіму». Але ў мяне дзед за Беларусь ваяваў, ёсьць людзі, ў якіх хтосьці са сваякоў тут загінуў. Разумееце, як крыўдна", – паведамілі Радыё Свабода азэрбайджанцы.

Гаворыць спадар Барылай з Аўганістану:

(Барылай: ) "Яны заўсёды зьбіраюць, вымагаюць грошы ці водку. Могуць зьбіць. Яны не прадстаўляюцца і гавораць: "Чурка, пакажы дакумэнты".

Яго падтрымаў пакістанец, які не пажадаў, каб было названае ягонае імя…

(Пакістанец: ) "Грубыя, началавечныя. Яны абыходзяцца са мной, як са злодзеем. Забралі ўсіх, там чалавек 100 было, якіх забралі проста так. Гаварылі, што будуць правяраць дакумэнты. Паставілі на пашпарт пячатку. Нашто яны яго сапсавалі. Яны ніколі ня просяць прабачэньня".

Тэму працягнуў эфіёп: "Каля дома, калі я гуляю з дзіцем, яны падыходзяць, правяраюць дакумэнты. Я адчуваю сябе вельмі няёмка. Ён мяне, як сабаку, рукамі падзывае: "Хадзі, хадзі сюды". Мент заўсёды правы! Усё!".

(Алжырац: ) "Мяне практычна не чапаюць, таму шта я на рускай мове размаўляю. Пытаюцца, чаму я сюды прыехаў. Ды можа я большы беларус, чым той, які са мной размаўляе".

Усе гэтыя людзі кажуць, што не сутыкаюцца з боку простых жыхароў краіны з праявамі нецярпімасьці. На "Камароўскім рынку" побач зь іншаземцамі працуюць беларусы. Яны абураюцца дзеяньнямі міліцыянтаў.

(Беларус: ) "Я назіраю гэтую брыдкасьць ужо тры гады. Гэтыя людзі прыехалі здалёк, яны ўцекачы. Там у іх не было жыцьця, і тут няма. У многіх няма прапіскі, а каб яе аформіць, трэба шмат грошай. А міліцыянты адбіраюць іхны заробак. Я заступаўся за іх, але бессэнсоўна. Вось майго суседа адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна, там жорста зьбілі толькі за тое, што ў яго скура іншага колеру. Так яму й патлумачылі. Ён пасьля амаль тры месяцы ляжаў у шпіталі".

Капітан міліцыі Ўладзімер Сачук патлумачыў "Радыё Свабода":

(Сачук: ) "З боку супрацоўнікаў міліцыі ніколі не бывае парушэньняў заканадаўства. Калі я бачу асобу "каўкаскае нацыянальнасьці" – я да яго падыхожу, каб спраўдзіць, ці ня ўчыніў ён якое-небудзь злачынства. На ўсялякі выпадак".

Яшчэ аніводная скарга замежных грамадзянаў на дыскрымінацыю з боку прадстаўнікоў беларускае ўлады паводле нацыянальнае прыкметы не прывяла вінаватага да судовае адказнасьці.

XS
SM
MD
LG