Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

18 жыхароў вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну накіравалі ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, у якім пішуць пра праблемы сучасных беларускіх вяскоўцаў і абвінавачваюць у іх адрасата.

"Пішам табе, – зьвяртаюцца дуброўцы да Аляксандра Лукашэнкі, – не з радасьці, а ад роспачы – раней мы неяк маглі разьлічваць на тое, што за нашу працу калгас адкажа нам узаемнасьцю. Сёньня ад нас адмовіліся і дзяржава і калгас." Падпісанты зьвяртаюць увагу кіраўніка дзяржавы, што ранейшыя хлапчукі, якія сталі цяпер калгаснымі начальнікамі, спрытна карыстаюцца сваім становішчам, слугуюць сабе і сваім набліжаным. Усім астатнім – нуль увагі.

Соткі адмерваюць позна, зямлі шкадуюць, тэхнікі не даюць. Старшыня калгасу Мікалай Дашкоўскі, сьцьвярджаецца ў лісьце, наадрэз адмаўляецца гутарыць з людзьмі, калі да яго зьвяртаюцца ня зь нейкай просьбай, тым больш тыя, хто жыве ў вёсцы, але не зьяўляецца сябрам калгасу. Аўтары ліста прапануюць ствараць у вёсках невялікія машынна-трактарныя станцыі, каб людзі цалкам не залежалі ад прыхамацяў калгаснага начальства, а маглі па даступных цэнах наймаць тэхніку для апрацоўкі прысядзібных участкаў. Іначай пастановы Саўміну, накшталт красавіцкай, адносна павелічэньня вытворчасьці сельгаспрадукцыі ў падсобных гаспадарках грамадзянаў, застануцца пустою паперай.

Значнае месца ў лісьце займае аналіз становішча ня толькі пэнсіянераў – калгасьнікаў, настаўнікаў, але і працуючых людзей. Заробкі іх нікчэмныя, – пішуць вяскоўцы, – і аддаюць іх праз 3-4 месяцы, калі ад інфляцыі яны палягчэюць на траціну. Таму і прапануюць аўтары Аляксандру Лукашэнку: "Паспрабуй сам адзін пражыць на нашыя 15-20 тысяч рублёў у месяц, а мы ж дзелім гэтыя тысячы на тры-чатыры душы".

Напрыканцы ліста дуброўцы пішуць кіраўніку дзяржавы: "Галасуючы за цябе, мы спадзяваліся на тое, што ты пачнеш выпраўляць становішча, што жыцьцё патроху палепшае, але з табою яно стала зусім невыносным – няма веры ні табе ні тваім дэпутатам і тваёй уладзе. А што ты па тэлевізары крычыш ды гневаесься – гэта пустое. Крык твой да многіх вушэй не даходзіць, у кашалёк ці лядоўню яго не пакладзеш і не зьясі". Так завяршаюць сваё пасланьне Аляксандру Лукашэнку жыхары вёскі Дуброва.

XS
SM
MD
LG