Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Паміж Берасьцем і Белавескай пушчаю, у раёне Высокага, знаходзіцца эпіцэнтар магчымае экалягічнае бяды. Напрыканцы мінулага году тут была завершаная будоўля, распачатая яшчэ ў час Савецкага Саюзу – Прыбускае падземнае сховішча газу. Але, насуперак запэўніваньням падрадчыкаў пра бясшкоднасьць аб'екту, мільёны тонаў падземных водаў могуць быць атручаныя хімічнымі рэчывамі.

У савецкі час, калі распачыналася гэтая будоўля, плянавалася, што своеасаблівы прыродны кантэйнэр стане стратэгічным рэзэрвам газавых плыняў на шляху ў Эўропу. Нормы бясьпекі тады традыцыйна ўлічваліся ў вапошнюю чаргу, бо рэалізацыя пляну абяцала вялікія прыбыткі. Заходнія спажыўцы зацікаўленыя, каб падобныя рэзэрвуары знаходзіліся па-за межамі іхных тэрыторыяў.

Але калі службы "Белтрансгазу" пачалі бурыць першыя сьвідравіны, нечакана выявілася, што пад пустотамі зямное паверхні знаходзяцца вялізныя запасы пітное вады. Пазьней эколягі назвалі гэтае адкрыцьцё падземным Байкалам. Спробы спыніць небясьпечны праект не прынесьлі плёну: на "асваеньні" сховішча ўжо былі патрачаныя вялікія сродкі. Голас эколягаў згубіўся сярод падлікаў эканамічнае выгоды.

Улады суверэннае Беларусі палічылі, што кантроль над транзытам расейскага газу абяцае звышпрыбыткі. Калі ў сярэдзіне 90-х Лукашэнка захапіўся інтэграцыяй, пра экалягічную небясьпеку замоўклі навогул: не выканаць пляны ўсходніх саюзьнікаў ён ня мог.

Летась запрацаваў пускавы комплекс, які пачаў фармаваць запасы газу ў пластах ад 800 да 1200 мэтраў. Але ўжо пробнае запампоўваньне газу паказала, што нізкая тэмпэратура й бліжыня вады прыводзіць да стварэньня лядовых коркаў на шляху газу. Прабіць іх можна толькі з дапамогаю хімічных рэагэнтаў. У справаздачы адмысловае камісіі было адзначана, што ў гэтай якасьці можа выступіць этылавы сьпірт. Але ці то сьпірт быў выпіты па дарозе, ці то гэта аказалася занадта дарагім задавальненьнем, але замест яго ў сьвідравіны пачалі запампоўваць мэтанол. Тое, што мэтылавы сьпірт сьмяротны нават у невялікіх дозах, ведаюць ня толькі хімікі. Цяперашні працэс – толькі пачатак масавага атручваньня падземных водаў.

Для фармаваньня сховішча неабходна 500 мільёнаў кубамэтраў газу. Потым пачнецца ўзьвядзеньне адмысловых цахоў для запампоўваньня 3 мільярдаў кубамэтраў за сэзон. Іспыты паказалі, што выкарыстаньне мэтанолу ў якасьці распушчальніка мусіць быць рэгулярным. Адпаведна, грунтовыя воды на вялізнай прасторы цягам часу будуць цалкам атручаныя.

Праўда, намесьнік генэральнага дырэктара "Белтрансгазу" Дзьмітры Анюк, які непасрэдна адказвае за эксплюатацыю сховішчаў газу, лічыць, што аніякае небясьпекі "Прыбускі аб'ект" не ўяўляе:

"Няма аніякіх адступленьняў ад праекту. Гэтае пытаньне ня новае. Гадоў 10 эколягі спрабуюць яго падымаць. У свой час была створаная камісія, якая на гэты конт дала аўтарытэтнае заключэньне. Мы маем дакумэнты, якія пацьвярджаюць: усе экалягічныя нормы вытрыманыя, і адступленьняў ад праекту няма", – лічыць намесьнік дырэктара "Белтрансгазу" Дзьмітры Анюк.

Мы пацікавіліся ўзгаданаю чыноўнікам дакумэнтацыяй. У экспэртавым заключэньні Інстытуту геахіміі ды геафізікі Акадэміі навук яшчэ ў студзені 90-га году было запісана: "…падземныя сховішчы газу зьяўляюцца крыніцаю падвышанае экалягічнае небясьпекі. Непрадугледжаныя страты газу самым адмоўным чынам адаб'юцца на атмасфэры Берасьця й навакольных раёнаў. Магчыма, паўстане пытаньне наконт адсяленьня жыхароў суседняе вёскі Орля. На глыбінях 5-10 мэтраў сфармуецца пласт забруджаных водаў, якія будуць стабільна забруджваць глыбейшыя ваданосныя гарызонты".

Нягледзячы на тое, што навукоўцы й тады не адказвалі на пытаньне: што ўсё ж рабіць у выпадку тэхналягічнай катастрофы, – маштабы магчымае навалы прагназаваліся задоўга да пачатку будаўніцтва. Але пасьля Чарнобылю на падобныя, так бы мовіць, дробязі ўлады ўвагу не зьвяртаюць.

XS
SM
MD
LG