Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Кожны чацьверты беларус гатовы на восеньскіх выбарах аддаць свой голас адной з 9-ці апазыцыйных партыяў. Пры гэтым кожны другі паведамляе пра намер у любым выпадку прыйсьці да выбарчае скрыні. Разам з тым большасьць апазыцыйных партыяў пакуль яшчэ канчаткова ня вызначылася ў пытаньні ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка, спрабуючы растлумачыць нежаданьне апазыцыі браць удзел у выбарах, спаслаўся на дадзеныя нейкіх сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх толькі 10% насельніцтва гатовыя галасаваць за апазыцыю. Магчыма, ёсьць і такія дадзеныя. Але іншыя крыніцы сьведчаць пра значна больш шырокую патэнцыйную падтрымку апазыцыі: паводле апытаньня, праведзенага ў красавіку Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, за 9 партыяў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную Раду апазыцыі, гатовыя прагаласаваць 27% апытаных. Гэты ўзровень падтрымкі – даволі ўстойлівы: пад час апытаньня ў лістападзе мінулага году 28% апытаных заявілі, што гатовыя галасаваць за адну з 9-ці апазыцыйных партыяў.

Гэтыя паказчыкі – зразумела, не ўсенародная падтрымка, але і не 10%, пра якія казаў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што апытаныя дэманструюць высокую ступень гатоўнасьці ісьці на выбары, прычым незалежна ад ўмоваў іх правядзеньня: у красавіку 53 % апытаных паведамілі пра свой намер браць удзел у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, толькі кожны дзесяты зазначыў, што да выбарчых скрыняў ня пойдзе, 15 % заявілі, што прымуць рашэньне пра ўдзел ці няўдзел у выбарах у залежнасьці ад палітычнай абстаноўкі пад час перадвыбарчае кампаніі.

Як бачым, пераважная большасьць людзей ужо зараз гатовая галасаваць, досьвед сацыялягічных дасьледаваньняў паказвае, што бліжэй да выбараў адсотак тых, хто прымае рашэньне браць удзел у выбарах, толькі расьце.

Цікава, што сярод тых, хто гатовыя падтрымаць на выбарах апазыцыю, гатоўнасьць ісьці на выбары яшчэ вышэй, чым у сярэднім па краіне – да 62 %. Такім чынам, прыхільнікі апазыцыі ў сваёй большасьці зьвязваюць надзеі на зьмены сытуацыі ў краіне менавіта з выбарамі, а ня з іншымі дзеяньнямі.

Як бачым, рэзэрв кампаніі байкоту, на карысьць якога апазыцыя можа зрабіць свой выбар, ня надта вялікі – да тых 10% , якія ўжо зараз вырашылі ня браць удзел у выбарах, могуць дадацца яшчэ прыкладна 15 % , якіх апазыцыя можа пераканаць у тым, што ў кампаніі , якая ператварылася ў фарс, удзельнічаць ня варта.

Апазыцыйныя партыі неаднаразова заяўлялі, што пойдуць на выбары толькі пры ўмове выкананьня ўладаю пэўных умоваў: дэмакратызацыі выбарчага кодэксу, доступу апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту і захаваньня правоў чалавека. Шмат разоў канстатавалася, што гэтыя ўмовы не выконваюцца. Але канчатковае "не" удзелу ў восеньскіх выбарах пакуль сказала толькі Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ. На зьезьдзе БСДП, які ўчора скончыў сваю працу, было адзначана, што ўдзел у выбарах у цяперашніх умовах немагчымы, але сацыял-дэмакраты таксама не паставілі "апошняй кропкі", падкрэсьліўшы, што пры зьмене абставінаў могуць правесьці другую сэсію зьезду і ўсе ж-такі вырашыць удзельнічаць ў выбарах. Каб рашэньне пра ўдзел у выбарах было салідарным і мела большую палітычную вагу, мяркуецца напачатку ліпеня склікаць трэці Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім і вырашыць канчаткова гэтае пытаньне.

XS
SM
MD
LG